Тры таварышы
Шрифт:
— Бернгард, мне не добра, — сказала жанчына.
— Але, міленькая, — завуркатаў Бернгард, — не капрызнічай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткі… ну, але працуеш…
Жанчына маўчала.
— Спрытнюга, — сказаў я Антоніа.
— І яшчэ які! — адказаў той. — Ён прыехаў сюды пазаўчора і не дае жанчыне слова сказаць, дабіваючы яе сваімі: «Табе тут цудоўна!» Ён не хоча нічога бачыць, ведаеце, — ні яе страху, ні хваробы, ні адзіноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берліне з іншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзіць ужо паўгода, выконваючы абавязак, паціраючы рукі, нахабна жартуючы, думаючы толькі пра сябе. Толькі каб нічога не чуць! Такое тут не рэдкасць!
— Даўно тут гэтая жанчына?
— Каля двух гадоў.
Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.
— Вяртаюцца з пошты. Паслалі Роту талеграму.
— Хто гэта — Рот?
— Гэта той, хто ад'язджае першы. Яны тэлеграфавалі яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпідэмія грыпу, і таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што ім самім трэба заставацца, разумееце?
Я зірнуў у акно на шэры аксаміт, якім былі завешаны горы. «Усё гэта няпраўда, — падумаў я. — Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькі нейкі тэатр, дзе злёгку іграюць смерць. Калі сапраўды памірае чалавек, дык гэта жахліва сур'ёзна». Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць іх па плячы і сказаць: «Тут жа толькі салонная смерць, ці не праўда, а вы толькі вясёлыя артысты, што іграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланіцца. Ад павышанай тэмпературы і жорсткага дыхання не паміраюць. Трэба, каб стралялі, паранілі каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма…»
— Вы таксама хворы? — спытаў я Антоніа.
— Вядома, — сказаў ён з усмешкай.
— Сапраўды, выдатная кава, — грукатаў побач таўстун. — У нас такой удзень з агнём не знойдзеш.
Кёстэр вярнуўся з метэастанцыі.
— Мне трэба ехаць, Робі, — сказаў ён. — Барометр пайшоў уніз, відаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабіцца. Сёння яшчэ праеду.
— Добра. Павячэраем разам?
— Так. Я хуценька ўпакую рэчы.
— Я дапамагу, — сказаў я.
Мы ўпакавалі рэчы Кёстэра і занеслі іх у гараж. Потым вярнуліся, каб паклікаць Пат.
— Калі што, тэлефануй мне, Робі, — сказаў Ота.
Я кіўнуў галавой.
— Праз некалькі дзён атрымаеш грошы. На першы час хопіць. Рабі ўсё, што неабходна.
— Добра, Ота. — Я павагаўся. — У нас дома ёсць некалькі ампул морфію. Ты можаш прыслаць іх мне?
— Навошта яны табе?
— Не ведаю, што і як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькі тады, калі бачу Пат. Застаўшыся адзін, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. Не хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нічога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калі я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.
— Толькі для гэтага, Робі? — спытаў Кёстэр.
— Толькі для гэтага. Вядома. А то я і не сказаў бы табе.
— Мы засталіся толькі ўдвух, — няспешна сказаў ён.
— Так.
— Добра, Робі.
Мы пайшлі ў кавярню, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралі, неба зацягвалася хмарамі. Кёстэр вывеў «Карла» з гаража, пад'ехаў да пад'езда.
— Бывай, Робі, — сказаў ён.
— І ты, Ота.
— Да пабачэння, Пат. — Ён падаў ёй руку і паглядзеў у вочы. — Вясной я прыеду па вас.
— Усяго вам добрага, Кёстэр. — Пат цвёрда паціснула яму руку. — Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывітанне ад мяне Готфрыду Ленцу.
— Добра, — сказаў Кёстэр.
Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалі. Раптам яна ступіла крок наперад і пацалавала яго.
— Жывіце шчасліва, — ціха прамовіла яна прыглушаным голасам.
Твар Кёстэра раптам на імгненне асвяціўся ярка-чырвоным полымем.
Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, ірвануў яе з месца і паімчаў па звілістай горнай дарозе не азірнуўшыся. Мы глядзелі яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вуліцы і пачала ўзбірацца на гару, як адзінокі светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршыні машына спынілася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамі. Потым ён знік, і мы доўга яшчэ чулі гул машыны.
Пат нахілілася і слухала, пакуль было чуваць. Але гул заціх. Тады яна павярнулася да мяне.
— Апошні карабель адплыў, Робі.
— Перадапошні, — адказаў я. — Апошні — я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсці іншае месца, каб кінуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. Не разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой бліжэй да цябе.
— Немагчыма! Не знойдзеш! Як ты думаеш зрабіць гэта?
— Ты будзеш рада, калі я змагу?
— Што за пытанне? Было б цудоўна, мілы! Амаль як у матухны Залеўскі.
— Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзінкі.
— Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антоніа ў шахматы. Я тут навучылася.
Я пайшоў у кантору і растлумачыў, што застаюся тут надоўга і хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымі грудзьмі глянула на мяне незадаволена і адмовіла мне, спасылаючыся на рэжым.
— Хто ўстанаўліваў рэжым? — спытаў я.
— Дырэкцыя, — адказала дама і разгладзіла зморшчыны на спадніцы.
З вялікай неахвотай яна паведаміла мне нарэшце, што дазволіць пайсці на парушэнне можа толькі галоўны лекар.
— Але яго ўжо няма, — дадала яна. — А дадому да яго звяртацца можна толькі па службе.
— Цудоўна, — сказаў я. — Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.
Галоўны лекар жыў у маленькім дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне і без усялякай валакіты даў мне дазвол на перасяленне.
— Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца, — сказаў я.
Ён засмяяўся.
— А, вы, відаць, натрапілі на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй патэлефаную.
Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знікла, убачыўшы выклік на маім твары. Я ўсё ўладзіў з сакратаркай і даручыў швейцару перанесці мае рэчы і купіць мне некалькі бутэлек спіртнога. Потым я вярнуўся да Пат.
— Уладзіў? — спытала яна.
— Пакуль што — не, але праз некалькі дзён усё будзе ў парадку.
— Шкада, — яна перавярнула шахматы і ўстала.
— Што будзем рабіць? — спытаў я. — Пойдзем у бар?
— Вечарам мы часта гуляем у карты, — сказаў Антоніа. — Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такі час найлепш гуляць у карты.
— У карты? Пат? — здзіўлена спытаў я. — У якія гульні ты ўмееш? У дурня і ў пасьянс?
— У покер, каханы, — заявіла Пат.
Я засмяяўся.
— Яна, праўда, умее, — сказаў Антоніа. — Толькі занадта рызыкоўная. Жахліва блефуе.
— Я таксама, — адказаў я. — Трэба паспрабаваць.
Мы селі ў куток і пачалі гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзіну Антоніа звярнуў нашу ўвагу, што робіцца за акном. Ішоў снег. Паволі, нібы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалі буйныя сняжынкі.