Тры таварышы
Шрифт:
— У нас яшчэ будзе дзіця, — сказаў я. — Калі ты паправішся. Мне хочацца мець з табой дзіця, Пат. Але няхай гэта будзе дзяўчынка, мы назавём яе Пат.
Яна ўзяла ў мяне з рукі чарку і зрабіла глыток.
— Магчыма, так лепей, што ў нас няма дзяцей, каханы. Не трэба цябе абцяжарваць. Ты павінен забыць мяне. А калі ты будзеш думаць пра мяне, няхай табе думаецца, як нам было добра, — і больш нічога. Мы ўжо ніколі не зразумеем, што ўсё мінулася. І не журыся.
— Мне робіцца журботна, калі ты так гаворыш.
Яна нейкі час глядзела на мяне.
— Калі вось так ляжыш, то прыходзяць розныя думкі. І шмат што здаецца дзіўным, на што раней не звяртаў увагі. Ведаеш, што я цяпер не магу зразумець? Што з дваіх закаханых, такіх, як мы, адзін можа памерці.
— Супакойся, — сказаў я. — Адзін заўсёды памірае першы, заўсёды ў жыцці. Але да гэтага мы яшчэ не дажылі.
— Няхай бы людзі паміралі толькі ў адзіноце. Ці тады, калі адзін аднаго ненавідзіць. Але не тады, калі любяць…
Я прымусіў сябе ўсміхнуцца.
— Сапраўды, Пат, — сказаў я і ўзяў яе гарачыя рукі ў свае. — Калі б мы з табой стваралі свет, ён выглядаў бы куды лепш.
— Так, каханы. Мы такога не дапусцілі б. Калі б толькі ведалі, што за ўсім гэтым. Ты верыш, што і там нешта ёсць, потым?
— Веру, — адказаў я. — Жыццё наладжана так дрэнна, што не можа канчацца проста так.
— Што ж, пераканаўча. Але няўжо ты лічыш, што гэта таксама кепска? — Яна паказала на букет жоўтых ружаў каля свайго ложка.
— У тым і справа, — адказаў я. — Дэталі — цудоўныя, а ўсё цэлае не мае сэнсу. Як быццам усё стваралася некім, каму, гледзячы на цудоўную разнастайнасць жыцця, нічога іншага не прыйшло ў галаву, як знішчыць зноў.
— І зноў стварыць, — сказала Пат.
— І тут я не бачу сэнсу, — адказаў я. — Ад гэтага і па сённяшні дзень жыццё не палепшылася.
— Не скажы, каханы, — сказала Пат. — Што датычыць нас, то зроблена вельмі добра. Лепш не бывае. Толькі нядоўга, занадта нядоўга.
Праз некалькі дзён у мяне закалола ў грудзях, і я пачаў кашляць. Галоўны лекар пачуў кашаль, ідучы па калідоры, і зазірнуў у мой пакой.
— Зайдзіце да мяне ў кабінет.
— Нічога страшнага, — сказаў я.
— Усё роўна, — адказаў ён. — Кашляючы, вам нельга сядзець у фройляйн Хольман. Хадзем зараз са мной.
У яго кабінеце я з нейкім асаблівым задавальненнем здымаў з сябе сарочку. Тут, наверсе, здароўе здавалася нейкай незаконнай прывілеяй. Сам сябе чалавек адчуваў жулікам ці дэзерцірам.
Галоўны лекар глянуў на мяне.
— Здаецца, вы яшчэ і рады, — сказаў ён, моршчачы лоб. Потым ён мяне старанна абследаваў. Я разглядаў бліскучыя прадметы на сценах, дыхаў глыбока і паволі, хутка і коратка — так, як ён патрабаваў. Пры гэтым я зноў адчуў паколванне і быў задаволены, што нечым набліжаўся да Пат.
— Прастуда, — сказаў лекар. — Ляжце на дзень-два ў пасцель ці ў крайнім выпадку не выходзьце са свайго пакоя. Да фройляйн Хольман заходзіць забараняецца. Не з-за вас… з-за фройляйн Хольман.
— Можна размаўляць з ёй праз дзверы? — спытаў я. — Альбо праз балкон?
— Праз балкон можна, але толькі некалькі хвілін. І праз дзверы таксама, калі будзеце як след паласкаць горла. Акрамя прастуды ў вас яшчэ катар палільшчыка.
— А лёгкія? — Чамусьці я спадзяваўся, што хоць нейкая дробязь у іх будзе не ў парадку. Тады мне было б не так няёмка перад Пат.
— З вашага аднаго лёгкага можна тры зрабіць, — заявіў лекар. — Такіх здаравякоў я ўжо даўно не бачыў. У вас толькі цвердаватая печань. Магчыма, зашмат выпіваеце.
Ён нешта выпісаў мне, і я пайшоў.
— Робі, — спытала Пат з пакоя, — што ён сказаў?
— Пакуль што мне нельга да цябе, — адказаў я за дзвярыма. — Строга забаронена. Небяспека заражэння.
— Вось бачыш, — спуджана сказала яна. — Я ж увесь час гаварыла, што нельга.
— Небяспека заразіць цябе, Пат. Не мяне.
— Кінь глупства, — сказала яна. — Раскажы мне дакладна, што здарылася.
— Так і ёсць. Сястра! — я паклікаў медсястру, якая якраз разносіла лякарствы. — Скажыце фройляйн Хольман, хто з нас дваіх больш небяспечны.
— Пан Локамп, яму нельга выходзіць.
Пат з недаверам пераводзіла позірк з сястры на мяне. Я паказаў ёй праз дзверы лякарствы. Яна зразумела, што мы гаворым праўду, і пачала смяяцца, і смяялася ўсё мацней, пакуль не з'явілісй слёзы і не пачаўся пакутлівы кашаль, так што сястры давялося бегчы, каб падтрымаць яе.
— Божа мой, каханы, — шаптала яна. — Гэта ж смешна. А які горды выгляд у цябе!
Увесь вечар яна была ў вясёлым настроі. Я, вядома, не пакідаў яе адну, а сядзеў да поўначы на балконе ў цёплым паліто, закруціўшы шалікам шыю. У адной руцэ я трымаў цыгару, у другой — чарку, каля ног стаяла бутэлька з каньяком. Я расказваў ёй эпізоды свайго жыцця. Мяне ўвесь час перарываў і падбадзёрваў яе птушыны смех. Я хлусіў, як толькі мог, каб толькі бачыць на яе твары водсветы смеху, я радаваўся свайму кашлю, які быў падобны да брэху. Я выпіў бутэльку да дна і раніцай быў здаровы.
…Зноў падзьмуў вільготны вецер. Ён стукаў у вокны, воблакі плылі нізка, снег пачаў спаўзаць з гор, і ноччу грымелі абвалы. Хворыя ляжалі ўзбуджаныя, не спалі і прыслухоўваліся. На цёплых схілах пачалі цвісці крокусы, і на вуліцы побач з санямі з'явіліся першыя брычкі на высокіх колах.
Пат усё больш слабела. Яна ўжо не магла ўставаць. Начамі ў яе часта бывалі прыпадкі ўдушша. Тады яна чарнела ад смяротнага страху. Я трымаў яе вільготныя, аслаблыя рукі.
— Вытрымаць толькі гэтую гадзіну, — хрыпела яна. — Толькі гэтую гадзіну. Якраз цяпер уміраюць…
Яна баялася апошняй гадзіны паміж ноччу і раніцай. Ёй здавалася, што з канцом ночы слабее і амаль канчаецца агульная плынь жыцця, — і толькі гэтай гадзіны яна баялася і не хацела заставацца адна. А звычайна яна была такая мужная, што я толькі сціскаў зубы.
Я папрасіў дазволу перанесці свой ложак у яе пакой, і калі яна прачыналася і калі ў яе вачах з'яўлялася мальба адчаю, я садзіўся каля яе. Я часта думаў пра ампулы морфію ў маім чамадане, і я не задумваючыся зрабіў бы гэта, калі б яна не была такая ўдзячная за кожны новы дзень.