Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я сядзеў каля ложка і расказваў ёй, што толькі прыходзіла ў галаву. Ёй нельга было шмат размаўляць, і яна любіла слухаць мае расказы пра ўсякія здарэнні. Найбольш яна любіла слухаць гісторыі з пары майго вучнёўства, а часам, калі ў яе толькі што праходзіў прыступ і яна, бледная і разбітая, сядзела ў падушках, яна зноў прасіла, каб я перадражніў каго-небудзь з маіх настаўнікаў. Размахваючы рукамі, сапучы і гладзячы ўяўную рыжую бараду, я тады хадзіў па пакоі і рыпучым голасам выдаваў педагагічныя шэдэўры. Кожны дзень я прыдумваў новыя, і Пат паціху пачала выдатна разбірацца ў справах класа і ведала ўжо ўсіх звадыяшаў і гарэзнікаў, якія кожны дзень выдумлялі новыя штучкі, каб дапячы настаўнікам. Аднойчы начная дзяжурная сястра прыбегла да нас на грымучы бас дырэктара школы, і запатрабаваўся даволі працяглы час, пакуль я, на радасць Пат, змог давесці ёй, што я не звар'яцеў: я скакаў сярод ночы па пакоі ў палярыне Пат і ў яе капелюшы, жорстка адчытваючы нейкага Карла Асэгэ за тое, што той каварна падпілаваў настаўніцкую кафедру.

Паволі ў акно сачылася дзённае святло. Вяршыні гор ператварыліся ў вострыя чорныя сілуэты. Неба за імі — халоднае і бледнае — пачало ўсё далей адступаць. Лямпачка на начным століку рабілася жоўтай плямай, Пат паклала свой вільготны твар мне на далоні.

— Вось і прайшло, Робі. Цяпер у мяне дабаўляецца яшчэ адзін дзень.

Антоніа прынёс мне свой радыёпрыёмнік. Я падключыў яго да электрасеткі і зазямліў на батарэю ацяплення. Вечарам у Пат я ўключыў яго. Ён хрыпёў і квакаў, потым раптам з шуму паплыла пяшчотная чыстая мелодыя.

— Што гэта, каханы? — спытала Пат.

Антоніа з прыёмнікам даў мне і радыёчасопіс. Я пагартаў яго.

— Здаецца, Рым.

А тут пачуўся нізкі, металёвы голас дыктаркі:

— Гаворыць Рым, Неапаль, Фларэнцыя…

Я пакруціў яшчэ. Сола на раялі.

— Гэта мне і правяраць не трэба, — сказаў я. — Вальдштэйнаўская саната Бетховена. Я сам умеў яе выконваць у часы, калі яшчэ верыў, што стану некалі педагогам, прафесарам ці кампазітарам. Цяпер я ўжо даўно забыўся. Давай пераключым. Не вельмі прыемныя ўспаміны.

Цёплы альт вельмі ціха і лісліва спяваў: «Скажы мне пра каханне…» Потым — лекцыя пра спосабы барацьбы супроць вінаграднай тлі. Я пакруціў зноў. Рэкламныя аб'явы. Квартэт.

— Што гэта? — спытала Пат.

— Прага. Струнны квартэт. Бетховен, опус 59 два, — прачытаў я.

Я пачакаў канца музычнай фразы, потым зноў пачаў круціць, і раптам зайграла скрыпка, цудоўная скрыпка.

— Гэта, пэўна, Будапешт, Пат. Цыганская музыка.

Я настроіў прыёмнік лепш. Цяпер мелодыя паўнагучна і мякка залунала над плыняй аркестра.

— Чароўна, праўда, Пат?

Яна маўчала. Я павярнуўся да яе. Яна плакала з шырока адкрытымі вачыма. Я рыўком выключыў прыёмнік.

— Што здарылася, Пат? — Я абняў яе вузкія плечы.

— Нічога, Робі. Гэта дурасць. Але калі вось так чуеш — Парыж, Рым, Будапешт — о божа, а я рада была б спусціцца хоць у вёску…

— Што ты, Пат…

Я сказаў ёй усё, што мог сказаць, каб забавіць. Але яна хітала галавой.

— Я не сумую, каханы. Ты не думай так. Я плачу не ад суму. Бывае і так, але не доўга. Затое я шмат думаю.

— Пра што ты думаеш? — спытаў я, цалуючы яе валасы.

— Пра адно толькі, пра што я яшчэ магу думаць — пра жыцце і смерць. Калі я потым сумую і больш нічога не разумею, я кажу сабе, што лепш памерці, пакуль яшчэ хочацца жыць, чым тады, калі хочацца памерці. Як ты думаеш?

— Я не ведаю.

— І ўсё ж. — Яна прыхіліла галаву да майго пляча. — Калі хочацца жыць, то ёсць нешта, што любіш. Цяжэй, але і лягчэй. Вось паслухай, няхай мне наканавана смерць, але я ўдзячная, што ў мяне ёсць ты. Я ж магла быць адзінокай і няшчаснай. Тады б захацелася памерці. Цяпер цяжка. Але затое я напоўнена каханнем, як пчала мёдам, калі яна вечарам вяртаецца ў вулей. Калі б мне давялося выбіраць, я выбрала б у любым выпадку тое самае.

Яна паглядзела на мяне.

— Пат, — сказаў я, — ёсць яшчэ і трэці варыянт: перастане дзьмуць фен, справа палепшыцца і мы паедзем.

Яна ўсё яшчэ дапытліва глядзела на мяне.

— Я баюся за цябе, Робі. Табе будзе цяжэй, чым мне.

— Давай пра гэта больш не гаварыць, — сказаў я.

— Я сказала гэта толькі, каб ты не думаў, што я сумую, — адказала яна.

— Я і не думаю, што ты сумуеш, — сказаў я.

Яна паклала мне руку на локаць.

— Знайдзі зноў цыганскі аркестр.

— Ты хочаш паслухаць?

— Хачу, каханы.

Я зноў уключыў прыёмнік, і спачатку ціха, а потым усё гучней і паўней у пакоі загучалі скрыпкі і жалейкі і прыглушаныя арпеджыа цымбалаў.

— Цудоўна, — сказала Пат. — Як вецер. Вецер, які нясе цябе.

Гэта быў вячэрні канцэрт з рэстарана ў адным парку Будапешта. Праз гукі музыкі часам даносіліся галасы кліентаў за стойкамі, час ад часу чуўся звонкі вясёлы ўскрык. Можна было ўявіць сабе, што робіцца там, на востраве Маргіт: каштаны пусцілі ўжо першую лістоту, і яна цьмяна мігціць пад месячным святлом і гайдаецца, быццам ад павеваў музыкі скрыпак. Магчыма, там ужо быў цёплы вечар, і людзі сядзяць на вольным паверты, а перад імі стаяць куфлі з жоўтым венгерскім віном, афіцыянты бегаюць у белых куртках пад музыку цыганскіх скрыпак. А потым яны пойдуць праз зялёнае змярканне, змораныя, дадому. А тут ляжыць Пат і ўсміхаецца, і яна ніколі не выйдзе з гэтага пакоя, ніколі не ўстане з гэтага ложка.

…Потым усё адбылося раптам хутка. Жывая плоць каханага твару стала раставаць. Вытыркнуліся скулы, на скронях праступілі косці. Рукі былі тонкія, як у дзіцяці, скабы тырчалі пад скурай. Ліхаманка ўсё часцей біла худое цела. Сястра прынесла кіслародныя балоны, лекар прыходзіў праз кожную гадзіну.

Аднойчы паполудні тэмпература невытлумачальна хутка ўпала. Пат прыйшла ў сябе і доўга глядзела на мяне.

— Дай мне люстэрка, — прашаптала яна.

— Навошта табе люстэрка? — сказаў я. — Адпачывай, Пат. Мне здаецца, што ты ўжо выкараскалася. У цябе няма тэмпературы.

— Не, — прашаптала яна сваім надламаным, перагарэлым голасам. — Дай мне люстэрка.

Я абышоў вакол ложка, узяў люстэрка і ўпусціў яго на падлогу. Яно разбілася.

— Прабач, — сказаў я. — Такая недарэчнасць. Проста выпала ў мяне з рук і разбілася адразу на тысячу асколкаў.

— У мяне ў кішэні ёсць яшчэ адно, Робі.

Гэта было маленькае люстэрка з храміраванага нікелю. Я павёў па ім рукой, каб хоць крыху засляпіць яго, і падаў Пат. Яна старанна працерла яго і напружана зазірнула.

— Табе трэба ехаць, каханы, — прашаптала яна.

— Чаму? Ці ты мяне больш не любіш?

— Табе больш нельга бачыць мяне. Гэта ўжо не я.

Я забраў у яе люстэрка.

— Гэтыя металёвыя штукі нікуды нягодныя, Пат. Ты толькі зірні, як я ў ім выглядаю. Бледны і худы. А я ж загарэлы і дужы. Гэта штуковіна ўся ў зморшчынах.

— У цябе павінен застацца іншы ўспамін пра мяне, — прашаптала яна. — Едзь, каханы. Я ўжо сама спраўлюся.

Я пачаў супакойваць яе. Яна зноў запатрабавала люстэрка і сумачку. Потым пачала пудрыцца, бледны схуднелы твар, патрэсканыя вусны, цяжкія цёмныя ўпадзіны пад вачыма.

Поделиться с друзьями: