Тры таварышы
Шрифт:
— Паглядзі, пупсік, вось дык машына! Як з казкі! Яна мне вельмі падабаецца!
У наступны момант яна ўжо адчыніла дзверцы і ўселася, у захапленні страляючы вачыма.
— Вось гэта сядзенні! Каласальна! Крэслы, як у клубе! Не тое, што наш «форд»!
— Ну, пайшлі, — незадаволена сказаў пупсік.
Ленц падштурхнуў мяне: я мусіў выйсці на арэну і навязаць машыну булачніку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў ні слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго і адвярнуўся.
Булачнік з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб і, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.
Мы пазіралі парачцы ўслед.
— Рашучы чалавек! — сказаў я. — Адрамантаваў машыну, ажаніўся — малайчына!
— І праўда, — сказаў Кёстэр. — Ён яшчэ парадуецца з яе.
Толькі яны завярнулі за рог, як Готфрыд раз'юшыўся.
— Ты што, Робі, зусім звіхнуўся? Правароніць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласніка!
— Унтэр-афіцэр Ленц! — адказаў я. — Падцягніце жывот, калі размаўляеце са старшым! Што я — прыхільнік дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?
Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталі па талеры кожнае.
— Не жартуй са святынямі, — прамямліў ён.
Не звяртаючы на яго ўвагі, я загаварыў з Кёстэрам.
— Ота, развітвайся з нашым дзіцем — «кадзілакам». Ён ужо не наш. З гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднікі. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслівая доля. Не такая гераічная, як у нас, затое — больш надзейная.
Я дастаў чэк. Ленц як не разваліўся на часткі.
— Не можа быць! І ўжо аплочаны? — хрыпата прашаптаў ён.
— А як вы думалі, жаўтароцікі? — спытаў я і памахаў чэкам. — Гадайце — колькі.
— Чатыры! — крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.
— Чатыры з паловай, — сказаў Кёстэр.
— Пяць! — крыкнуў ад калонкі Юп.
— Пяць з паловай, — адрэзаў я.
Ленц выхапіў чэк у мяне з рук.
— Немагчыма! Пэўна, не аплоціць!
— Пан Ленц, — сказаў я з пачуццём годнасці, — чэк настолькі надзейны, наколькі ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопіць грошай на дваццаць такіх чэкаў. Гэта мой сябра — вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есці ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак і быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! — Готфрыд з цяжкасцю прыходзіў да памяці. Але ён не здаваўся.
— Дапамаглі мая аб'ява і амулет!
Я падаў яму яго медаль.
— Забяры сваю сабачую бірку. Я пра яе і забыўся.
— Ты прадаў выдатна, Робі, — сказаў Кёстэр. — Дзякуй богу, што мы пазбавіліся ад гэтых саняў. А грошы нам вельмі спатрэбяцца.
— Дай мне пяцьдзесят марак авансу, — папрасіў я.
— Сто. Ты зарабіў.
— Можа, даць табе яшчэ і маё шэрае паліто ў дадатак? — спытаў Готфрыд, падміргнуўшы.
— А ты ў бальніцу не хочаш, варты жалю балбатун-байструк? — спытаў я ў сваю чаргу.
— Хлопцы, на сёння ўсё! — прапанаваў Кёстэр. — За дзень зарабілі дастаткова. Нельга дражніць бога. Давайце выедзем на «Карле» і патрэніруемся перад гонкамі.
Юп ужо пакінуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выціраў рукі.
— Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?
— Не, Юп, — са смехам адказаў Ота. — Едзем з намі!
Мы спачатку паехалі ў банк і абмянялі чэк. Ленц ніяк не мог супакоіцца, пакуль не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панесліся так, што аж іскры пасыпаліся з вачэй.
VIII
Я стаяў насупраць сваёй гаспадыні.
— Дзе гарыць? — спытала фраў Залеўскі.
— Нідзе, — адказаў я. — Я проста хачу заплаціць за кватэру.
Да тэрміну было яшчэ тры дні, і фраў Залеўскі ледзь не звалілася з ног.
— Тут нешта не тое, — з падазрэннем вымавіла яна.
— Не бойцеся, — адказаў я. — Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўні.
Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукі ў магутныя сцёгны.
— Вось табе і маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?
— Падабаецца. А яшчэ больш — крэслы з вашай гасцёўні.
Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госці прыйдзе кузіна, а таму хацелася б зрабіць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзі закалыхаліся.
— Кузіна, — паўтарыла яна з пагардай. — А калі ж тая кузіна з'явіцца?
— Гэта яшчэ не дакладна, — сказаў я. — Але калі прыйдзе, то не позна, на вячэру… Чаму вы не верыце, што гэта кузіна, фраў Залеўскі?
— Няхай сабе, — адказала яна. — Але кузінам не пазычаюць крэслаў.
— А я пазычаю, — настойваў я. — Ведаеце, я вельмі шаную сваяцкія адносіны.
— Відаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьміце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.
— Вялікі дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. І дыван таксама.
— Дыван? — Яна павярнулася да мяне. — Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?
— Я. І вы таксама. Толькі што.
Яна глядзела на мяне бездапаможна.
— Гэта ж як камплект, — сказаў я. — Крэслы ж стаяць на дыване.
— Пан Локамп, — велічна заявіла фраў Залеўскі, — не перабірайце цераз край. Мера ва ўсім — так гаварыў нябожчык Залеўскі. Нялішне было б засвоіць і вам.
Мне было вядома, што нябожчык Залеўскі, нягледзячы на гэтае правільнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры іншых абставінах даволі часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваім мужам, як іншыя Бібліяй: каб цытаваць. І чым больш часу мінала пасля яго смерці, тым больш яна прыпісвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку — як і Біблія.
Я ўзяўся прыбіраць сваю каморку. Паполудні я патэлефанаваў Патрыцыі Хольман. Яна хварэла, і я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовіліся сустрэцца ў восем гадзін, і я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсці ў кіно.
Крэслы і дыван мелі шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да іх. Таму я пастукаўся ў суседні пакой да сям'і Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзіны працаваў звышурочна, толькі каб не звольнілі. Фраў Хасэ была падобная да падбітай птушкі. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкі твар дзіцяці — расчараванага, сумнага дзіцяці.
Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывілася і прынесла мне лямпу.