Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Дарэчы, — сказала яна, уздыхаючы. — Калі пачынаеш прыпамінаць, раней…

Гісторыя была не новая. Гаворка ішла пра перспектывы яе жыцця, калі б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гісторыя была вядомая мне і ў іншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка ішла пра перспектывы яго жыцця, калі б ён застаўся халасцяком. Гэта, відаць, была самая тыповая гісторыя ва ўсім свеце. І самая бесперспектыўная.

Я хвілінку паслухаў, падаў некалькі нязначных рэплік і падаўся да Эрны Бёніг, каб узяць грамафон.

Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькі як пра жанчыну, «што жыве па суседстве». Яна пагарджала ёй, бо зайздросціла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставілася да жыцця і ведала, што трэба ўстойліва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плаціць падвойную і патройную цану. Шчасце — самая ненадзейная і самая дарагая па цане рэч у свеце.

Эрна ўкленчыла каля сваёй валізкі, выбіраючы мне пласцінкі.

— Хочаце факстроты? — спытала яна.

— Не, — адказаў я. — Я не ўмею танцаваць.

Яна здзіўлена зірнула на мяне.

— Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робіце ў вольны час?

— Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымліваецца.

Яна пахітала галавой.

— З мужчынам, які не ўмее танцаваць, у мяне не было б ніякіх варункаў.

— У вас строгія прынцыпы, — адказаў я. — Але ж ёсць і іншыя пласцінкі. Нядаўна вы ігралі вельмі прывабную… гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку ці нешта такое…

— Ах, тая пласцінка — чароўная. «Як бы я жыла без цябе…» — гэтая?

— Правільна! Чаго толькі не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннікам. Мне здаецца, што толькі яны рамантыкі, якія засталіся.

Яна засмяялася.

— А чаму і не? Вось такі грамафон — таксама свайго роду кніга для запісаў. Даўней вершы запісвалі ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцінкі. Калі мне хочацца пра нешта ўспомніць, мне варта толькі зайграць пласцінку таго часу, і зноў усё ажывае.

Я паглядзеў на стосы пласцінак, што ляжалі на падлозе.

— Калі судзіць па пласцінках, Эрна, то ў вас процьма ўспамінаў.

Яна ўстала і адкінула рыжаватыя валасы.

— Так, — сказала яна, адсунуўшы пласцінкі нагой, — але мне хацелася б нечага сапраўднага…

Я распакаваў усё, што купіў на вячэру, і расставіў на стале як змог. З кухні дапамогі чакаць не выпадала — занадта дрэнныя адносіны былі ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькі нашкодзіць мне. Але добра было і так, і неўзабаве мая старая каморка заблішчала да непазнавальнасці. Крэслы, лямпа, накрыты стол… я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправіўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзіну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымі парывамі вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Ліхары ўжо свяцілі. Змярканне паміж дамамі сінела, як мора. «Інтэрнацыяналь» плыў у ім, як ваенны карабель з прыбранымі ветразямі.

Я заскочыў у яго.

— Гоп-ля, Роберт, — сказала Роза.

— Што ты тут робіш? — сказаў я. — Чаму не выходзіш?

— Яшчэ ранавата.

Бясшумна падышоў Алоіс.

— Аднапавярховы? — спытаў ён.

— Трохпавярховы, — адказаў я.

— Пачынаеш магутна, — выказала думку Роза.

— Для смеласці, — сказаў я і выпіў ром.

— Можа, сыграеш? — спытала Роза.

Я пахітаў галавой.

— Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?

Яна заўсміхалася на ўсе свае залатыя зубы.

— Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыдні добра зарабіла. Старыя казлы адчулі ўжо вясну. Завязу ёй новае паліто. Шарсцяное, чырвонага колеру.

— Апошні крык моды, — сказаў я.

Роза заззяла.

— Ты — джэнтльмен, Робі.

— Каб ты толькі не памылілася, — сказаў я. — Давай вып'ем разам. Анісаўкі, ці што?

Яна згодна кіўнула. Мы чокнуліся.

— Скажы, Роза, як ты адносішся да кахання? — спытаў я. — Ты ж разбіраешся ў гэтай справе.

Яна гучна зарагатала.

— Кінь ты, — сказала яна. — Каханне! Ах, мой Артур… калі я думаю пра нягодніка, я і цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робі, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калі змыўся. І гэта так. Каханне — гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другі сядзіць і ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.

— Зразумела, — сказаў я. — Але ж і без кахання ты як нябожчык на адпачынку.

— Бяры прыклад з мяне, — адказала Роза. — Нажыві дзіця. У цябе будзе каго любіць, і ты супакоішся.

— Разумна, — сказаў я. — Толькі гэтага мне і не хапала.

Роза задумліва захітала галавой.

— Якой лупцоўкі я паспытала ад свайго Артура… і ўсё роўна, калі б ён зараз увайшоў… капялюш на патыліцы… Дарагі мой! Толькі ад думкі пра яго я дрыжу ўся.

— Вып'ем за здароўе Артура! — сказаў я.

Роза засмяялася.

— Няхай жыве блядун! Будзь здароў!

Мы выпілі.

— Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.

— Дзякуй! Да пабачэння, Робі!

Стукнулі дзверы ў калідоры.

— Прывітанне, — сказала Патрыцыя Хольман. — Так глыбока задумаўся?

— Ды не. Але… як пажываеце? Паправіліся? А што балела?

— А-а, нічога асаблівага. Прастудзілася, паднялася тэмпература.

Яна не выглядала хворай і зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ ніколі не былі такія вялікія і ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухі былі плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.

— У вас цудоўны выгляд, — сказаў я. — Зусім здаровы! Мы можам зрабіць процьму цікавых спраў.

— Гэта было б выдатна, — адказала яна. — Але не сёння. Сёння я не магу.

Я ўтаропіўся на яе, не разумеючы.

— Вы не можаце?

Яна адмоўна пахітала галавой.

— На жаль, не магу.

Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка і таму яна вырашыла павячэраць у іншым месцы.

— Я ўжо тэлефанавала вам, — сказала яна, — каб вы дарма не прыходзілі. Але вас ужо не было.

Нарэшце я зразумеў.

— Вы сапраўды не можаце? На ўвесь вечар? — спытаў я.

Поделиться с друзьями: