Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Потым выехалі. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмі пабітай дарогі. Яго мы праехалі з хуткасцю 50 кіламетраў. Верх барабаніў. Мы спусцілі з кіхаў чвэрць атмасферы і паспрабавалі яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцілі яшчэ чвэрць. Цяпер нічога не варухнулася.

Вярнуліся, змазалі скрыпучы капот, зрабілі гумавыя пракладкі, залілі ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапіўся, абмылі машыну з распырсквальніка знізу, каб яна блішчала і там. Потым Готфрыд падняў рукі да неба.

— Прыходзь жа, блаславёны пакупнік. Прыходзь, дарагі ўладальнік кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жаніх чакае маладую!

Маладая затрымлівалася. Таму мы загналі пекаравага каня на яму і пачалі здымаць пярэднюю вось. Гадзіны дзве мы працавалі моўчкі. Потым я пачуў, як каля калонкі Юп засвістаў мелодыю песні: «Слухай, што ідзе знадворку…»

Я вылез з ямы і зірнуў у акно. Маленькі прысадзісты чалавек хадзіў вакол «кадзілака». Ён здаваўся дабрадзейным і салідным буржуа.

— Зірні, Готфрыд, — шапнуў я. — Ці не маладая прыйшла?

— А хто ж, — вызначыў Ленц з першага погляду. — Глянь на твар. Ён ужо недаверлівы, пакуль няма нікога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калі адзін не справішся. Помні мае прыёмы!

— Добра!

Я вылез.

Чалавек сустрэў мяне позіркам разумных чорных вачэй.

Я прадставіўся:

— Локамп.

— Блюменталь.

Гэта быў першы прыём: прадставіцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш інтымную атмасферу. Другі прыём: пачынаць вельмі стрымана і выслухаць кліента, каб ударыць у адпаведны час.

— Вы наконт «кадзілака», пан Блюменталь? — спытаў я.

Блюменталь кіўнуў.

— Вось ён, — сказаў я і паказаў на машыну.

— Я бачу, — адказаў Блюменталь.

Я хутка зірнуў на яго. «Увага, — падумаў я. — Хітрун».

Мы пайшлі праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны і завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзіны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады і я пачну.

Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як ідал. Мне нічога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.

Я пачаў паволі і сістэматычна расказваць пра «кадзілак», як маці пра роднае дзіця, стараючыся заўважыць, ці цяміць той што-небудзь. Калі ён спецыяліст, тады трэба было б больш падрабязна спыніцца на маторы і шасі. Калі ён не разбіраецца ў машыне — на камфорце і розных дробязях.

Але ён і цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.

— Навошта вам машына? Для язды ў горадзе ці для дальніх вандровак? — спытаў я нарэшце, каб знайсці нейкі пункт апоры.

— Для самых розных патрэб, — адказаў Блюменталь.

— Зразумела! А вы самі будзеце вадзіць ці шафёр?

— Як калі.

Як калі… Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнікаў.

Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з кліентам. Я баяўся, што ён засне.

— Верх адкрываецца і падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзіны, — сказаў я. — Паспрабуйце самі. Вы справіцеся адной рукой.

Але Блюменталь адмовіўся спрабаваць. Ён бачыць і так. Я з шумам ляпнуў дзверцамі і пацягаў за ручкі…

— Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самі.

Блюменталь не захацеў. Ён лічыў, што так і павінна быць. Надзвычай цвёрды арэшак!

Я паказаў яму шыбы.

— Вельмі лёгка падымаюцца і апускаюцца. На любым узроўні сядзяць мёртва.

Ён брывом не варухнуў.

— Да таго ж шкло не б'ецца, — працягваў я, ужо ў лёгкім адчаі. — Перавага, якую нельга пераацаніць. У нашай майстэрні стаіць «форд»… — Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасіўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзіця.

Думкі і пачуцці Блюменталя былі замкнёныя ў сталёвы сейф.

— Шкло, якое не б'ецца, стаіць ва ўсіх машынах, — перабіў ён мяне. — Тут нічога незвычайнага.

— Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем ніводнай машыны, — запярэчыў я мякка, але настойліва. — У некаторых марак толькі пярэдняе шкло такое. Але толькі не вялікія бакавыя.

Я пасігналіў і перайшоў да апісання ўнутраных выгод — скрынак, сядзенняў, кішэняў, шчытка кіравання, — я закрануў самыя дробныя дэталі, я нават працягнуў Блюменталю запальнічку і выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамяніць яго настрой. Але ён адмовіўся.

— Не куру, дзякуй, — сказаў ён і паглядзеў на мяне з такім сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён ішоў зусім не да нас, магчыма, ён памыліўся — хацеў купіць нешта іншае, машыну, каб абстрочваць петлі, ці радыёпрыёмнік, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсці.

— Давайце пракоцімся на пробу, пан Блюменталь, — нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны.

— Пракоцімся? — здзівіўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту.

— Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, ідзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкі кузаў лягчэй пушынкі.

— Што ездзіць, — ён махнуў рукой, адмаўляючыся. — Едучы, нічога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькі потым.

«А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, — падумаў я са злосцю. — Ці ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у іх?»

— Ну, добра, не дык не, — сказаў я, страціўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела.

Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы і сказаў ціха і рэзка і вельмі хутка:

— Колькі машына каштуе?

— Сем тысяч марак, — адказаў я не міргнуўшы, як выстраліў з пісталета. Ён не павінен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасці магла каштаваць тысячу марак, якія ён вытаргаваў бы. — Сем тысяч чыстымі, — паўтарыў я цвёрда і падумаў: «Калі дасі пяць, то і забірай!»

Але Блюменталь не даваў нічога.

Ён коратка засоп.

— Задорага!

— Вядома! — сказаў я, канчаткова здаючыся.

— Як гэта — вядома? — спытаў Блюменталь раптам даволі па-людску.

— Пан Блюменталь, — адказаў я, — вы сёння сустракалі хоць аднаго дзівака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта іншае?

Ён уважліва прыгледзеўся да мяне.

Потым на яго твары прамільгнула нешта падобнае да ўсмешкі.

— Так. Але машына сапраўды занадта дарагая.

Я не паверыў сваім вушам. Нарэшце з'явіўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацікаўленага чалавека. Ці нейкі новы закляты падвох?

Поделиться с друзьями: