Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

У гэты момант у двары з'явіўся элегантны франт. Ён дастаў з кішэні газету, яшчэ раз праверыў нумар дома і накіраваўся да мяне.

— Тут прадаецца «кадзілак»?

Я кіўнуў і моўчкі глянуў на жоўтую бамбукавую палачку і скураныя пальчаткі.

— Можна паглядзець? — зноў спытаў ён без аніякага выразу на твары.

— Вось ён, — сказаў я. — Але, можа, вы пачакаеце хвілінку, пакуль што я заняты. Пасядзіце там, калі ласка.

Франт на хвілінку прыслухаўся да шуму матора, твар яго спачатку выявіў крытыку, а потым адабрэнне, і мы зайшлі з ім у майстэрню.

— Ідыёт, — буркнуў я яму і хутка вярнуўся да Блюменталя.

— Калі вы паездзіце на машыне, дык зменіце сваю думку пра цану, — сказаў я. — Вы можаце абкатваць яе столькі, колькі вам захочацца. Можа, мне вечарам заехаць па вас, каб зрабіць пробную ездку, калі гэта вам лепш падыходзіць.

Але часовы парыў ужо знік. Блюменталь зноў стаяў як гранітны прэзідэнт харавога таварыства.

— Не варта, — сказаў ён. — Мне трэба ісці. Калі я захачу зрабіць пробную ездку, то магу патэлефанаваць вам.

Я ўбачыў, што ўжо цяпер нічога не зробіш. Гэтага чалавека не пераканаеш.

— Ну добра, — пагадзіўся я. — Але, магчыма, вы далі б мне свой нумар тэлефона, каб я паведаміў вам пра з'яўленне яшчэ якой зацікаўленай асобы?

Блюменталь неяк дзіўна глянуў на мяне.

— Зацікаўленая асоба — яшчэ не пакупнік.

Ён дастаў цыгары і прапанаваў мне. Ён запаліў. «Карона»! Відаць, грошай у яго было як вошай. Але мне ўжо было ўсё роўна. Я ўзяў цыгару.

Ён зычліва падаў мне руку і пайшоў. Я глядзеў яму ўслед і ціха, але грунтоўна праклінаў яго. Потым вярнуўся ў майстэрню.

— Ну? — павітаў мяне франт Готфрыд Ленц. — Здорава я прыдумаў? Убачыў, як ты пакутуеш, і вырашыў дапамагчы. Пашанцавала, што Ота, ад'язджаючы, пераапрануўся. Я, як убачыў, што вісіць добры касцюм, галопам памчаўся, залез праз акно туды і назад і з'явіўся пад выглядам сур'ёзнага пакупніка! Выдатна, ці не праўда?

— Па-ідыёцку, — адказаў я. — Чалавек той хітрэйшы за нас абодвух, разам узятых. Паглядзі на цыгару! Марка пяцьдзесят за штуку. Ты мне адпудзіў міліярдэра.

Готфрыд забраў з рук у мяне цыгару, панюхаў яе і прыпаліў.

— Я спудзіў жуліка. Міліярдэры такіх цыгар не кураць. Яны кураць танныя, грош — штука.

— Глупства, — адказаў я. — Жулікі Блюменталямі сябе не называюць. Яны называюць сябе граф Блюменаў ці неяк падобна.

— Ён яшчэ вернецца, — прадказаў Ленц, самаўпэўнены, як заўсёды, і выпусціў цыгарны дым мне ў твар.

— Гэты не прыйдзе, — сказаў я пераканана. — Але адкуль у цябе бамбукавая палка і пальчаткі?

— Пазычыў. У краме Бэн і К°. У мяне там знаёмая прадаўшчыца. Магчыма, што я нават пакіну сабе гэтую палку. Яна мне падабаецца.

Ён самазадаволена пакруціў у паветры тоўстай палкай.

— Готфрыд, — сказаў я, — тут марна гіне твой талент. Ведаеш што? Ідзі ў вар'етэ. Там тваё месца.

— Вам тэлефанавалі, — сказала Фрыда, касавокая служанка фраў Залеўскі, калі я аполудні на хвілінку заскочыў дадому. Я павярнуўся.

— Калі?

— Паўгадзіны назад. Жанчына.

— Што яна сказала?

— Яна патэлефануе ўвечары яшчэ раз. Але я ёй адразу сказала, што не мае сэнсу. Вас увечары ніколі дома не бывае.

Я ўтаропіўся на яе.

— Што? Вы так сказалі? Божа мілы, калі ўжо вас хто навучыць размаўляць па тэлефоне?

— Я ўмею размаўляць, — нахабна заявіла Фрыда. — А ўвечары дома вас амаль ніколі няма.

— Гэта вас зусім не датычыцца, — лаяўся я. — Наступным разам раскажыце, ці ёсць у мяне дзірка ў шкарпэтках.

— Можна, — адказала Фрыда і з'едліва паглядзела на мяне чырвонымі запаленымі вачыма. Мы былі застарэлыя ворагі.

Лепш за ўсё я тыркнуў бы яе галавой у рондаль з супам, але я авалодаў сабой, выцягнуў з кішэні марку і ўціснуў ёй у руку, міралюбна пытаючыся:

— Жанчына не назвала свайго імя?

— Не, — сказала Фрыда.

— А які ў яе быў голас? Крыху прыглушаны і нізкі і як быццам хрыплаваты?

— Не ведаю, — адказала Фрыда так флегматычна, быццам я і не даваў ёй маркі.

— Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы, — сказаў я. — Ну, падумайце добра, ці не прыпомніце…

— Не, — адказала Фрыда. Зласлівасць адбівалася на яе твары.

— Каб ты павесілася, чортаў венік, — вылаяўся я і пайшоў.

Роўна ў шэсць гадзін вечара я быў дома. Калі я адчыніў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калідоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэнні ўсіх жанчын пансіёна.

— Падыдзіце да нас, — сказала фраў Залеўскі.

Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцікамі немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзіця са свайго прыюта ў дзіцячым вазку. Гэта было нармальнае дзіця. Але жанчыны нахіляліся над ім у такім вар'яцкім захапленні, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалі, пстрыкалі пальцамі перад вочкамі маленькай істоты і складвалі вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёніг у кімано з драконамі ўдзельнічала ў гэтай оргіі платанічнага мацярынства.

— Прывабнае стварэнне? — пыталася фраў Залеўскі, паглядаючы з замілаваннем.

— Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць — трыццаць, — выказаў я меркаванне, скоса пазіраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвоніць зараз, калі тут усе ў зборы.

— Вы паўзірайцеся на яго як след, — прапанавала мне фраў Хасэ.

Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблівага? У крайнім выпадку — надзвычай маленькія ручкі. Няўжо і я быў калісьці такі?

— Бедны чарвячок, — сказаў я. — Ён і не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее…

— Грубы чалавек, — запратэставала фраў Залеўскі. — Няўжо ў вас няма сэрца?

— Яшчэ якое, — адказаў я. — Інакш бы ў мяне не з'явіліся такія думкі.

Я падаўся ў свой пакой.

Праз дзесяць хвілін зазваніў тэлефон. Я пачуў сваё прозвішча і выйшаў. Канечне, уся кампанія была яшчэ тут. Яна не адступіла і тады, калі я паднёс да вуха слухаўку і пачуў голас Патрыцыі Хольман, якая дзякавала за кветкі.

Поделиться с друзьями: