Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я паехаў да Ленца ў «Інтэрнацыяналь». Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваім сябрам, кельнерам Алоісам. Яны спрачаліся. Готфрыд сядзеў з Мімі і Валі на канапе каля стойкі. Ён быў далікатны, не пакідаў без увагі нават Мімі, бедную старую кабету.

Дзяўчаты неўзабаве пайшлі. Ім трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мімі вохала і ўздыхала — балелі ногі. Я падсеў да Готфрыда.

— Ну, выказвайся! — сказаў я.

— Навошта, хлопец, — адказаў ён на маё здзіўленне. — Усё правільна, так і дзейнічай.

Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.

— Мог бы і раней добрае слова сказаць, — сказаў я.

Ён махнуў рукой.

— Глупства.

Я заказаў рому.

— Ты ведаеш, — сказаў я потым. — У мяне ніякага ўяўлення, хто яна і што. Не ведаю, што ў яе з Біндзінгам. Ці гаварыў ён табе тады што-небудзь?

Ён зірнуў на мяне.

— Цябе гэта трывожыць?

— Не.

— Я так і думаў. Між іншым, паліто табе добра пасуе.

Я пачырванеў.

— Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб і ў мяне так было.

Я хвіліну памаўчаў.

— Чаму, Готфрыд? — спытаў я нарэшце.

Ён глянуў на мяне.

— Таму што ўсё астатняе — дзярмо, Робі. Таму што сёння няма нічога, што мела б вартасць. Прыпомні, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, які малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкі ды сыграй некалькі старых салдацкіх песень.

Я сыграў «Тры лілеі» і «Аргонскі лес». У пустым шынку песні прагучалі прывідна, калі мець на ўвазе той час, у які мы іх спявалі…

VII

Праз два дні Кёстэр паспешліва выбег з майстэрні.

— Робі, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасіў цябе прыехаць у адзінаццаць на «кадзілаку». Ён хоча зрабіць пробную паездку.

Я шпурнуў адвёртку і гаечны ключ.

— Браце, Ота… Няўжо нешта будзе?

— А што я вам казаў! — пачуўся голас Ленца з ямы пад «фордам». — Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!

— Прытрымай язык, становішча сур'ёзнае, — крыкнуў я ўніз.

— Ота, наколькі можна збавіць цану?

— У крайнім выпадку саступі дзве тысячы. У самым крайнім — дзве дзвесце. Калі ўжо іншага выйсця не будзе — дзве пяцьсот. Калі ўбачыш, што перад табой вар'ят — дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклінаць.

— Добра.

Мы адцёрлі машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.

— Робі, памятай, што ты быў салдатам і рабіў і не такое. Абарані гонар нашай майстэрні, не шкадуючы крыві. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.

— Дамовіліся, — усміхнуўся я.

Ленц выцягнуў з кішэні нейкі медаль і паднёс яго мне да твару.

— Дакраніся да майго амулета, Робі!

— Давай. — Я дакрануўся.

— Абракадабра, вялікі Шыва, — заклінаў Готфрыд. — Дай гэтаму баязліўцу мужнасці і сілы. Стой! Лепш за ўсё вазьмі яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.

— Парадак, — сказаў я, плюнуў яму пад ногі і паехаў міма Юпа, які ўсхвалявана вітаў мяне, узняўшы ўгору шланг.

Па дарозе я купіў некалькі гваздзікоў і ўпрыгожыў імі машыну. Я разлічваў зрабіць уплыў на фраў Блюменталь.

На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвілін пятнаццаць чакаць. «Даражэнькі, — падумаў я, — гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляіны». У пачакальні я як след распытаў сімпатычную машыністку пра фірму, падкупіўшы яе гваздзіком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнікаў, ціхі кампаньён, зацятая канкурэнцыя з «Маерам і Сынам», сын Маера ездзіць у чырвоным двухмесным «эсексе» — вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасіў Блюменталь.

Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыі.

— Малады чалавек, — сказаў ён. — У мяне мала часу. Мінулы раз вы назвалі цану, пра якую вы можаце толькі марыць. Але руку на сэрца — колькі каштуе машына?

— Сем тысяч марак, — адказаў я.

Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.

— Тады няма размовы.

— Пан Блюменталь, — сказаў я, — паглядзіце машыну яшчэ раз.

— Няма патрэбы, — перабіў ён мяне. — Я ўжо паглядзеў.

— Можна па-рознаму глядзець, — заявіў я. — Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад «Фоля і Рурбэка», кошт — 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абіўка сядзенняў, тонкі корд…

Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор інструментаў, выдатны скураны верх, храміраваны радыятар, сучасныя бамперы — шэсцьдзесят марак пара. Я імкнуўся вярнуцца да машыны, як дзіця да маці, угаворваючы Блюменталя спусціцца ўніз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сіл. Калі ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклікаць абстрактны жах.

Але і Блюменталь ведаў, што пісьмовы стол — яго апора. Ён зняў акуляры і ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Мы змагаліся, як тыгр з пітонам. Блюменталь быў пітон. Не паспеў я азірнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.

Я спужаўся. Я палез у кішэнь і моцна сціснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.

— Пан Блюменталь, — сказаў я, трацячы сілы, — ужо гадзіна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць. — Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалі, як снег.

— Я ем толькі ў дзве гадзіны, — заявіў Блюменталь непарушна. — Але ведаеце што? Мы можам зрабіць зараз пробную паездку.

Я з палёгкай уздыхнуў.

— Потым мы яшчэ пагаворым, — дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.

Мы паехалі да яго дома. На маё здзіўленне, у машыне яго як падмянілі. Ён зычліва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплаціў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне — пра саксонца, які заблудзіў. Я адразу ж — пра саксонскую пару закаханых… Толькі перад домам мы загаварылі зноў сур'ёзна. Ён папрасіў мяне пачакаць і пайшоў па жонку.

— Мой любімы таўстун-«кадзілак», — сказаў я і паляпаў машыну па радыятары. — За гэтымі анекдотамі, напэўна, хаваецца нейкая д'ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купіць цябе, будзь упэўнены — калі жыд вяртаецца, то купляе. Калі вяртаецца хрысціянін, то гэта не значыць, што ён купіць. Ён робіць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканоміць на таксі, а потым ён раптам прыпамінае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухні. Не, не, жыды талковыя людзі, яны ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагі таўстун: калі я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып'ю ні чаркі гарэлкі.

Поделиться с друзьями: