Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Хоць я ведаў, што гэта хмель, але, гледзячы на яго такога, я адчуваў нейкі ціхі, незразумелы жах. Ён рэдка прыходзіў да нас і піў амаль заўсёды адзін у сваёй майстэрні. Гэтак чалавек хутка ламаўся.

Усмешка мільганула на яго твары. Ён усунуў мне ў руку чарку.

— Выпі, Робі. І ратуйся. Памятай, пра што я табе гаварыў.

— Добра, Фердынанд.

Ленц завёў грамафон. У яго была процьма пласцінак з мурынскімі песнямі. Некалькі з іх прагучала цяпер — пра Місіпісі, пра збор бавоўны і пра душныя ночы на сініх трапічных рэках.

VI

Патрыцыя Хольман жыла ў вялікім жоўтым шматпавярховым доме, які быў адгароджаны ад вуліцы вузкай палоскай газона. Перад уваходам стаяў ліхтар. Свой «кадзілак» я прыпаркаваў пад ім. У рухомым святле ён быў падобны да магутнага слана, які пераліваўся чорным бляскам.

Я дапоўніў свой гардэроб. Да гальштука прыкупіў новы капялюш і пальчаткі. Акрамя таго, я апрануў паліто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсці. Такім чынам я хацеў цалкам сцерці тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакінуў.

Я пасігналіў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвічнае асвятленне ў пяці вокнах па вертыкалі. Загудзеў ліфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нібы касмічная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчыніла дзверцы і хуценька сышла ўніз па лесвіцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы і ў вузкай карычневай спадніцы.

— Прывітанне! — Яна падала мне руку. — Я рада, што магу выйсці. Увесь дзень праседзела дома.

Мне спадабалася, як яна падала руку, паціскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавідзеў людзей, якія падавалі руку вяла, нібы здохлую рыбіну.

— Чаму ж вы мне раней не сказалі? — адказаў я. — Я заехаў бы да вас аполудні.

— У вас так шмат часу?

— Ды не. Але неяк збег бы.

Яна глыбока ўздыхнула.

— Цудоўнае паветра! Пахне вясной.

— Калі ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькі вам захочацца, — сказаў я. — Можам выехаць за горад, у лес — я на машыне. — Я абыякава паказаў на «кадзілак», як быццам гэта быў стары «форд».

— «Кадзілак»? — Яна ў недаўменні глянула на мяне. — Гэта ваш?

— Сёння на вечар мой. А ўвогуле — уласнасць нашай майстэрні. Мы яго адрамантавалі і хочам пачаць з яго бізнес нашага жыцця. — Я адчыніў дзверцы. — Можа, спачатку паедзем у «Лазу» і павячэраем? Як вы?

— Павячэраць можна, але чаму менавіта ў «Лазе»?

Я разгубіўся. «Лаза» была адзіным прыстойным рэстаранам, які я ведаў.

— Шчыра кажучы, — прызнаўся я, — я больш нічога не ведаю. Мне здаецца, што «кадзілак» нас да нечага абавязвае.

Яна засмяялася.

— У «Лазе», напэўна, занадта важная і сумная публіка. Давайце паедзем у іншае месца.

Я быў бездапаможны. Мае сур'ёзныя намеры рассейваліся, як дым.

— Тады прапануйце вы, — сказаў я. — Месцы, якія вядомы мне, занадта прасцяцкія. Яны, здаецца, не для вас.

— Чаму вы думаеце так?

— Ну, так мне здаецца…

Яна хутка зірнула на мяне.

— Можна паспрабаваць.

— Добра. — Я рашуча перакрэсліў усю праграму. — Тады я ведаю, што рабіць. Калі вы не баязлівая. Мы пойдзем да Альфонса.

— Альфонс… гучыць выдатна, — адказала яна. — Сёння вечарам я не баязлівая.

— Альфонс — шынкар, — сказаў я. — Лепшы сябра Ленца.

Яна засмяялася.

— У Ленца, відаць, усюды сябры.

Я кіўнуў.

— Ён лёгка збліжаецца. Вы ж бачылі гэта на прыкладзе Біндзінга.

— Так, бог сведка, — адказала яна. — Гэта здарылася маланкава.

Мы паехалі.

Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкі выпіралі. Маленькія вочкі. Закасаныя рукавы. Рукі доўгія, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкідваў сам. Нават членаў спартовага таварыства «Адданасць радзіме». Для вельмі дужых кліентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальніцай. Альфонс эканоміў на транспартных выдатках.

Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол.

— Піва? — спытаў ён.

— Гарэлкі і закусіць.

— А даме?

— Дама таксама хоча гарэлкі, — сказала Патрыцыя Хольман.

— Не слаба, не слаба, — сказаў Альфонс. — Ёсць свіныя скабкі з квашанай капустай.

— Сам закалоў свінню? — спытаў я.

— Вядома.

— Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс.

— Вы, відаць, жартуеце… Спачатку гляньце на скабкі.

Ён паклікаў кельнера, каб той паказаў порцыю.

— Была шыкоўная свіння, — сказаў ён. — Лаўрэатка. Дзве першыя прэміі.

— Ну, гэтага ніхто не зразумее, — адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзіўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамі наведвае гэты шынок.

Альфонс падміргнуў.

— Дык дзве порцыі?

Яна кіўнула.

— Выдатна! Сам выберу.

Ён пайшоў на кухню.

— Бяру назад свае сумненні, ці туды мы трапілі, — сказаў я. — Вы Альфонса паланілі імгненна. Ён сам выбірае толькі заўсёдным кліентам.

Альфонс вярнуўся.

— Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскі.

— Нядрэнная ідэя, — сказаў я.

Альфонс паглядзеў на нас зычліва. Прынеслі гарэлку. Тры чаркі. Трэцюю — Альфонсу.

— Што ж, на здароўе, — сказаў ён. — За тое, каб у нашых дзяцей былі багатыя бацькі.

Мы выпілі. Дзяўчына таксама выпіла да дна.

— Не слаба, не слаба, — сказаў Альфонс і вярнуўся за стойку.

— Смачная гарэлка? — спытаў я.

Яна здрыганулася.

— Моцная. Але ж я не магла зняславіцца перад Альфонсам.

Свіныя скабкі былі на славу. Я з'еў дзве вялікія порцыі, ды і Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маім настроем і не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпіла з Альфонсам яшчэ адну чарку.

Ён неўпрыкмет падміргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосці і культуры, але ў тым, што да сутнасці і зместу.

— Калі вам пашанцуе, вы ўбачыце і чалавечыя слабасці Альфонса, — сказаў я.

— Цікава, — адказала яна. — Мне здалося, што ў яго іх няма.

— Ёсць. — Я паказаў на стол побач са стойкай. — Вунь…

— Што? Грамафон?

— Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класічная музыка, толькі хоры: мужчынскія, змешаныя хоры, на ўсіх пласцінках, якія вы бачыце, — толькі хоры. Вось гляньце, ён ідзе.

Поделиться с друзьями: