Зачараваныя смерцю
Шрифт:
— Спачатку я быў ленінцам, пасля сталінцам. Да трыццаць сёмага года я быў сталінцам. Я Сталіну верыў, верыў усяму, што гаварыў і рабіў Сталін. Так, найвялікшы, геніяльны… Правадыр усіх часоў і народаў… Цяпер і сам не разумею — чаму я ў гэта верыў? Сталін — невытлумачальная з'ява, яшчэ ніхто яго не зразумеў. Ні вы, ні мы. Сталін загадаў бы: ідзі, страляй! І я пайшоў бы. Сказаў: ідзі, арыштоўвай! І я пайшоў бы. Тады, у той час, я зрабіў бы ўсё, што б ён ні сказаў. Катаваў, забіваў, даносіў… Гэта невытлумачальная з'ява — Сталін. Шаман! Вядзьмак! Я і сам цяпер у недаўменні: няўжо б арыштоўваў, даносіў?! Выходзіць, што каты і ахвяры атрымліваліся з адных і тых жа людзей. Хтосьці нас выбіраў, тасаваў… Недзе там, наверсе…
Я перастаў верыць Сталіну, калі ворагамі народа аб'явілі Тухачэўскага і Бухарына. Я гэтых людзей бачыў. І запомніў іх твары. У ворагаў такіх твараў не магло быць. Так я думаў тады. Гэта былі твары людзей, якіх не трэба было сартаваць, паляпшаць, ад якіх не трэба было пазбаўляцца, каб застаўся чысты чалавечы матэрыял, як адборнае зерне для дзівосна чароўнай будучыні. Уначы, калі мы заставаліся адны, жонка мая, яна была інжынерам, гаварыла: «Штосьці незразумелае творыцца. У нас на заводзе не засталося нікога са старых спецаў. Усіх пасадзілі. Гэта нейкая здрада». «Вось мы з табой не вінаватыя, і нас не бяруць», — адказваў я.
Потым арыштавалі маю жонку. Пайшла ў тэатр і дадому не вярнулася. Прыходжу: сын разам з катом спіць на дыванку ў вітальні. Чакаў-чакаў маму і заснуў…
Праз некалькі дзён арыштавалі і мяне. Тры месяцы праседзеў у адзіночцы — такі каменны мех: два крокі ўдоўжкі і паўтара ўшыркі. Крумкача да свайго ваконца прывучыў, ячневымі крупамі з поліўкі карміў. З таго часу крумкач — мой любімы птах. На вайне, памятаю, кончыцца бой… Іншых птушак няма, а крумкач лятае… Не верце, калі вам кажуць, што можна вытрываць катаванні. Ножку венскага крэсла ў задні праход?! Любую паперку прынясуць, і вы яе падпішаце. Ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку… Нікога не судзіце… Мікалай Вярхоўцаў, я яго там напаткаў, мой сябрук з грамадзянскай, сябра партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года. Разумнік! Адукаванейшы чалавек, да рэвалюцыі ўніверсітэт скончыў. І вось — усе знаёмыя. Цеснае кола. Нехта чытаў уголас газету, і там паведамленне, што на бюро цэка вырашалася пытанне пра апладненне кабыл. Ён вазьмі ды пажартуй: маўляў, у цэка іншага клопату няма, як займацца апладненнем кабыл… Удзень ён гэта сказаў, а ўвечары яго ўжо забралі. Ён вяртаўся з допытаў са скалечанымі рукамі. Пальцы заганялі ў праём дзвярэй і дзверы зачынялі. Усе пальцы яму, як алоўкі, паламалі. Мяне білі галавой аб сцяну…
Праз паўгода — новы следчы. Маю справу аддалі на перагляд. І мяне выпускаюць. Як ў латарэі: сто прайгралі, адзін выйграў, і ўсе гуляюць далей. Але тады я думаў інакш: я ж вось не вінаваты, і мяне вызвалілі…
— А я адсюль не выйду, — развітваўся са мной Мікалай Вярхоўцаў, — нават і калі мяне апраўдаюць. Хто мяне выпусціць такога? Без пальцаў… Куды я свае рукі схаваю?
Яго апраўдалі і расстралялі. Быццам памылкова.
Сына я знайшоў у чужых людзей, ён заікаўся, баяўся цемнаты. Мы сталі жыць удвух. Я спрабаваў выведаць што-небудзь пра жонку і дамагаўся аднаўлення ў партыі. Тое, што здарылася са мной, я лічыў памылкай, і з маёй жонкай… Партыя ў гэтым не вінаватая. Гэта ж наша вера, гэта ж наша Біблія! Бог не можа быць вінаваты, Бог мудры. Я шукаў сэнсу ў тым, што рабілася наўкол, у гэтым моры крыві. У верніка памірае дзіця… Ён шукае сэнс сваіх пакут… І знаходзіць… Ён жа не кляне Бога?..
Пачалася вайна… У дзеючую армію мяне спачатку не бралі, бо жонка — вораг народа, недзе ў лагеры. Я не меў права абараняць Радзіму, мне не давяралі. Гэтае прыніжэнне таксама трэба было перажыць. Але я дабіўся — паехаў на фронт. Годнасць мне вярнулі ў сорак пятым, калі я вярнуўся з вайны, ад самага Берліна. З ордэнамі, паранены. Мяне выклікалі ў райкам партыі і ўручылі мой партбілет са словамі:
— На жаль, жонку вам вярнуць мы не можам. Жонка загінула. Але годнасць мы вам вяртаем…
І ўяўляеце: я быў шчаслівы. Пэўна, сёння нельга ў гэтым прызнавацца, але гэта былі самыя шчаслівыя хвіліны майго жыцця. Партыя для нас была вышэй за ўсё — вышэй нашага кахання, нашых жыццяў. Лічылася шчасцем — прынесці сябе ў ахвяру, кожны быў да яе гатовы. Будучыня, якая павінна быць цудоўнай, заўсёды жыла пад знакам смерці, ахвяры, якая ад любога з нас магла быць запатрабавана ў любую хвіліну. Вакол увесь час гінулі людзі, шмат людзей. Мы да гэтага прывыклі. Загінула мая жонка. Я мог загінуць…
Так, мая жонка… Яна таксама была сябрам партыі… Мог бы я ажаніцца не з бальшавічкай? Здагадваюся, чаму вы пра гэта пытаецеся. Павінен вас расчараваць: я кахаў сваю жонку, мая першая жонка была прыгажуня. Але калі б яна верыла ў Бога, не ўступіла ў камсамол? Само сабою, я не мог бы яе пакахаць. Як я мог быць шчаслівым, калі яна загінула? Не трэба прасіць прабачэння, мяне не крыўдзяць вашы пытанні. Яны толькі яшчэ адзін доказ таго, што я з іншага жыцця, з іншай планеты, калі хочаце, яе ўжо няма. Там кіравалі свае законы. Тое, што вы лічыце ненармальным, там было нармальным. А тое, што для вас нармальна, тады мог сказаць і нават падумаць толькі вар'ят.
Калі я наважыўся памерці… Не, я не баязлівец, я проста стаміўся… Я рваў старыя фотакарткі… Толькі фатаграфію сваёй першай жонкі парваць не мог… Мы там удваіх — маладыя, смяемся… Я ўспомніў сонца… Нейкая лясная палянка, мая галава ляжыць на жончыных каленях… Люляецца ў яе на руках… Я ўспомніў сонца…
Партыі здрадзілі, ідэі здрадзілі. Знікла ўсё, чаму я аддаў сябе, сваё жыццё. На плошчы пануе новая рэлігія — рынак: «Грошы! Грошы! Грошы!» Ну станеце заможна, сытна жыць, але ж каб не забыліся — дзеля чаго? Няўжо чалавеку жыццё дадзена дзеля самога жыцця, як дрэву, як рыбе? Не, яно даецца дзеля нечага большага, чым проста жыццё. Сасіскі і «Мерседэс» ніколі не стануць вышэйшай мэтаю, зіхоткай нябеснаю мараю. Напэўна, таму і любілі мы смерць. Але, мы яе любілі! Я гэта зразумеў нядаўна. Адной бяссоннай ноччу…
Чаго ж вы маўчыце? Прыміце мой выклік… (Маўчым доўга ўдваіх.)
…Дзе маё жыццё? Няўжо яно засталося адно ў маёй слабеючай галаве? Які жах! Мая галава — адзіны склад маіх успамінаў… Музей! Але ж я ніколі не жыў адзін… Я ўсё жыццё разам з усімі будаваў, ваяваў. Сядзеў у турме. У мяне не было аніякай спецыяльнасці, акрамя веры. Мая спецыяльнасць — верыць самому і вучыць веры іншых. Мне неставала часу вучыцца — тры класы прыходскай школы і партшкола… І я кіраваў вялікімі заводамі… У мяне заўсёды — адна-дзве сарочкі, пара шкарпэтак, штаны. А больш — навошта? Я жыў ад плана да плана, ад пяцігодкі да пяцігодкі. Вось першы корпус завода збудуем… Другі… Першую лінію пусцім… Другую… Гэтак дзесяткі гадоў… Яны імчаліся, згаралі… Лета, зіма, восень… Як сады цвітуць… Я гэта толькі ў старасці пабачыў… Мне здаецца, што я болей чым паўвека не пакідаў будаўнічай пляцоўкі… Памятаеце, у Маякоўскага: «Мне напляваць на бронзы мнагапуддзе. Мне напляваць на каменную слізь. Не скрыўдзім славаю, бо мы свае ўсё ж людзі. Агульным помнікам няхай нам будзе збудованы ў баях сацыялізм…»? Гэта ж наша вера, гэта ж наша Біблія!
У мяне засталіся толькі гэтыя каштоўнасці, каштоўнасці перажытага. Іх адабралі…
Калісьці ў мяне быў сын. Ён даўно памёр, мой сын Акцябр. У нас з ім быў любімы фільм «Чапаеў». «Эх, Пецька, — уздыхаў Чапаеў, — шчаслівы ты чалавек. Вось я неўзабаве памру, а вы з Анкай пры камунізме жыць будзеце. Паміраць не трэба». Сына няма. Унукі, праўнукі… Іншыя людзі… Родныя, але незнаёмыя. Яны мяне не заўважаюць, як старую рэч, зусім старую, непрыдатную для ўжытку. Мне няма куды пайсці. Я стары. Мне няма чым абараніцца. Мой час скончыўся. Час — лёс, як гаварылі старажытныя грэкі…
…Дамы са шкла і металу, лепшыя за палацы. Лімонныя і апельсінавыя сады сярод гарадоў. Старых амаль няма, людзі вельмі позна старэюць, бо жыццё цудоўнае. Усё робяць машыны, людзі толькі ездзяць і кіруюць машынамі. Нівы густыя і шчодрыя. Кветкі як дрэвы. Усе шчаслівыя. Радасныя. Ходзяць у прыгожых апратках — мужчыны і жанчыны. Вядуць вольнае жыццё працы і асалоды. Няўжо гэта мы? Няўжо гэта наша зямля? І ўсе гэтак будуць жыць?..
Чацвёрты сон Веры Паўлаўны са «Што рабіць?» Мікалая Чарнышэўскага. Падручнікі рэвалюцыі… Мы на памяць вучылі ў гуртках палітграматы. Як вершы. Нашай рэлігіяй была будучыня, якая ніколі не надыдзе. Я застаўся яе заложнікам…
Дзесяткі гадоў не бачыў. Не памятаў. Як іх гоняць прыкладамі, палкамі. Гоняць у халодныя эшалоны. Зіма. Мароз. Адчыняю на станцыі вагон: у куце вісіць на папружцы мужчына. Маці люляе на руках малога. Большанькі сядзіць і есць сваё дзярмо… Як кашу…
— Зачыняй! — крычыць камандзір. — Кулакоў на Калыму вязуць. Месца вызваляюць. Яны для будучыні не прыдатныя. Зачыняй.
Быццам сон… Быццам знаёмая станіца… Памятаў! Памятаў, як называецца… Забыўся…
Пад раніцу стала няўсцерп… Гэты страшэнны боль у суставах… Не мог успомніць, як усё-такі называлася гэтая станіца… Гэта доўжылася б бясконца. Як усё-такі яна называлася? Я не мог перастаць думаць пра гэта… Мне трэба было ўспомніць, каб палягчэла… Уяўляю, як гэта выглядала: дзед гайдаецца на папружцы ў шафе… Гэта пра мяне ўжо… Кепска, што дзіця гэта бачыла… Яно ўратавала мяне… Закрычала… Але яно гэта бачыла… Цяпер я падрыхтую пачак снатворнага, каб заснуць у сне. Вельмі падобна на інфаркт. Праўда, турбуе думка пра грэх самазабойства, але я, хай цяпер і сумняваюся, усё ж атэіст. Я марыў аб тым, каб рай быў на зямлі, забыўшы на тое, што ёсць пекла. Але калі ёсць Бог, ён мне даруе. Я быў шчыры… Я пакутаваў…