Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Мне здаецца, што я прачнуся — і зразумею, што мяне проста разыгралі. Я лягу спаць, падымуся, і ўсё будзе, як раней.
…Упершыню я ўбачыла Маскву ў семдзесят трэцім годзе. Я ўжо была замужам, дачку нарадзіла. Памятаю, што ішоў дождж, халодны, восеньскі дождж. У мяне не аказалася з сабой парасона, але я выстаяла шасцігадзінную чаргу да маўзалея. Я ішла да Леніна, як ідуць у храм. Прыцемак, кветкі… Шэпт: «Праходзьце. Не затрымлівайцеся. Асцярожна — прыступкі…» Гэта быў Бог. Я плакала, праз слёзы нічога не разгледзела. Адзінае месца, куды цягне мяне цяпер, — царква. Але я хацела б пайсці ў царкву без людзей і ўкленчыць, і гаварыць, не ведаю з кім…
Пра што? Пра тое, як мы былі дзівосна шчаслівыя! Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўненая. Мы раслі жабракамі, нічога не мелі — і нікому не зайздросцілі. Улетку абуеш парусінавыя тапачкі, начысціш іх зубным парашком. Прыгожа! Узімку — у гумавых боціках, мароз — падэшвы пячэ. Весела! Хораша ўспамінаць! Верылі, што заўтра будзе лепш, чым сёння, а паслязаўтра лепш, чым учора. Любілі, бязмежна любілі Радзіму — самую вялікую, самую лепшую! Першы савецкі аўтамабіль — ура! Непісьменны рабочы вынайшаў сакрэт сталі-нержавейкі — перамога! А тое, што гэты сакрэт ужо даўно вядомы ўсяму свету, мы пасля ўведалі. А тады: мы першымі паляцім цераз полюс у Амерыку! Навучымся кіраваць паўночным ззяннем, павернем у другі бок гіганцкія рэкі, пабудуем у непраходных нетрах самую доўгую чыгунку… Вера! Вера! Вера!
Бесперапынна працавала на вуліцы радыё. Раніцай ігралі гімн, пасля маршы, песні Дунаеўскага, вершы Лебедзева-Кумача. Я і Радзіма — гэта было адно і тое ж, непадзельнае. Мне пяцьдзесят два гады, а я і зараз магу заспяваць. Хочаце?
Свабоды і шчасця бацькі не зазналі, Хаця паўставалі не раз. У змаганні стваралі і Ленін, і Сталін Айчыну святую для нас.Мама расказвала, што на другі дзень, як мяне прынялі ў піянеры, раніцаю зайгралі гімн, я ўсхапілася і стаяла ў ложку, пакуль гімн не скончыўся. Дома было свята, пахла пірагамі ў мой гонар. Я не разлучалася з чырвоным гальштукам, ён у мяне дагэтуль зберагаецца. Марыла падараваць яго дачушцы… Камсамольскі білет зберагаю… Каму?
Раней расчыніш акно — музыка льецца, і такая музыка, што падымешся і крочыш па кватэры, як у страі. Няхай гэта была турма, як цяпер лічаць, але нам было цяплей у гэтай турме. Мы адчувалі яднанне і прывыклі быць у натоўпе, разам. Вы паглядзіце, як мы стаім у чэргах, цесна, адно на адным, — гэта ўсё, што засталося нам ад таго жыцця.
Прыгадалася яшчэ:
Сталін — наша слава баявая, Сталін — маладосці нашай лёт, З песняю жыве, перамагае І за Сталіным ідзе народ.Як ішла калона салдат, сэрца замірала. Пасля вайны — салдат быў незвычайны чалавек, герой. У першым класе я прачытала «Маладую гвардыю» Аляксандра Фадзеева, «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Барыса Палявога. Самая высокая мара — памерці! Аддаць жыццё за Радзіму. Мая камсамольская клятва, я яе дагэтуль памятаю: «Гатова аддаць сваё жыццё, калі яно спатрэбіцца майму народу». І гэта былі не проста словы, нас так выхавалі сапраўды. Уступаючы ў партыю, я паўтарыла, сваёю рукою напісала: «З праграмай і статутам пазнаёмілася і прызнаю. Гатова аддаць усе сілы, а калі трэба будзе, і жыццё сваёй Радзіме». Захаваўся мой школьны дзённік, я яго ад усіх хаваю, бо ён сёння наіўны, дурнаваты. З маёй любоўю да Сталіна, з нясцерпным жаданнем памерці толькі за тое, каб яго ўбачыць. Баюся сама яго разгарнуць… І кнігі любімыя баюся перачытваць… Сёння мне боязна дакранацца да мінулага, быццам да нечага мёртвага дакранаешся…
Вы хочаце ведаць, як гэта спалучалася: наша шчасце і тое, што па кагосьці прыходзілі ўначы, кагосьці забіралі? Як лёгкі цень прабягаў… Нехта прапаў, нехта плакаў за дзвярыма… Не запомнілася… Засталося ў памяці іншае: драўляныя тратуары, што пахнуць цяплом; на стадыёнах, на плошчах асляпляльныя парады фізкультурнікаў і словы, сплеценыя з жывых чалавечых цел і кветак, — Ленін, Сталін. Быў жа Берыя, лёхі Лубянкі… А я памятаю, як цвіў бэз… Масавыя гулянні… І тое, як хацелася ўсім выказаць свае пачуцці, сваю любоў… Сталін — гэта было нешта радаснае, нешта шчаслівае. Пасля пачалі гаварыць, што ён — рыжы, маленькі. Развянчалі. Выкінулі з маўзалея. А я працягвала яго любіць. Я перастала любіць Сталіна тры-чатыры гады назад, як прачытала дакументы…
— Мама, — выпытвала ў мяне дачка, — няўжо ты сапраўды верыла, што Паўлік Марозаў, які данёс на свайго бацьку, — герой?
— Верыла! Тады была іншая мараль.
— Як ты можаш гэта вымавіць?! — У яе спалох у вачах.
Навошта мне хлусіць? Клянуся: калі б я пераканалася, што мой бацька вораг, я пайшла б у НКУС. Гэта праўда. Я была сталінская дзяўчынка. Пасля смерці Сталіна нарадзіліся зусім іншыя людзі, у нас межы пакаленняў зрушаны: мы дзелімся на людзей, якія жылі пры Сталіне, і на тых, што нарадзіліся пасля ягонай смерці. Калі вы сядзелі, прыціснуўшыся вухам да рэпрадуктара, і слухалі, як кожную гадзіну перадавалі бюлетэнь пра здароўе таварыша Сталіна, а ў дзень яго пахавання беглі, уліваючыся ў ашалелы натоўп, на плошчу імя Сталіна, каб заспець той момант, як пачуюцца жалобныя гудкі, вы — адзін чалавек. Калі ўсяго гэтага з вамі не было, вы гэтага не ведалі, не адчувалі, вы — іншы чалавек. Я вельмі ганарылася нашым суседам, дзядзькам Ванем, ён вярнуўся з вайны без абедзвюх ног, ездзіў на драўлянай самаробнай каламажцы. Зваў мяне «Маргарыткай», падшываў усім валёнкі, падбіваў боты:
— Ну што, Маргарытка, здох гэты…
Гэта ён пра майго Сталіна?! Я выхапіла ў яго свае папраціраныя валёнкі.
— Як вы можаце! Вы — герой… У вас ордэн…
Два дні ўсур'ёз разважала: пайсці мне ў НКУС і расказаць пра дзядзьку Ваню ці не пайсці? На другі дзень вяртаюся дадому: дзядзька Ваня зваліўся са сваёй каламажкі і не можа падняцца. П'яненькі. Мне стала шкада яго. Каб не здарылася такое, можа, я таксама стала б Паўлікам Марозавым…
Не, вы мяне паслухайце… Паверце — гэта прыватная гісторыя, вельмі прыватная…
Мая мама — дваранка, з багатай сям'і. Перад самай рэвалюцыяй, у семнаццатым годзе, яна выйшла замуж за афіцэра, пасля ён ваяваў у белай гвардыі. У Адэсе яны рассталіся… Ён эміграваў з рэшткамі разбітых дзянікінскіх часцей, а яна не магла пакінуць спаралізаваную маці. Яе ўзялі ў ЧК як жонку белагвардзейца, але не расстралялі. Следчы, які яе дапытваў, прымусіў выйсці за яго замуж. Мама ў мяне вельмі прыгожая. Яна толькі аднаго разу абмовілася, што ён быў матрос, вяртаўся дадому з ЧК п'яны і біў яе рэвальверам па галаве… Пасля некуды знік…
І вось гэтая мая мама, красуня, балерына, якая захаплялася музыкай, столькі перажыла, да бяспамяцця любіла Сталіна. Яна пагражала майму мужу, калі ён выказваў незадаволенасць чым-небудзь:
— Я пайду ў райкам і скажу, якія вы камуністы…
Мой бацька (мама потым выйшла замуж яшчэ раз) удзельнічаў у рэвалюцыі, у трыццаць сёмым быў рэпрэсаваны. Праз некалькі гадоў яго вызвалілі, але ў партыі не аднавілі. Гэта быў удар, які ён не перажыў. Дык вось, ён працаваў аграномам і, калі бачыў непарадкі, пісаў лісты таварышу Сталіну. А ў турме яму выбілі ўсе зубы, праламалі галаву…
Як гэта вытлумачыць? Яны што, усе былі дурні ці вар'яты?! Мама ведала некалькі моў, чытала Шэкспіра і Гётэ ў арыгінале. Бацька скончыў Ціміразеўскую акадэмію. Ну а Блок, Ясенін, Маякоўскі? Аляксандра Калантай, Інэса Арманд? Мае куміры, мае ідэалы — я расла з імі. Я ім верыла. Справядлівасць — вось быў сэнс нашага жыцця. (Паўза.) А цяпер зноў — багатыя, бедныя. Нехта ўжо купіў краму, а некаму на малако і хлеб не хапае. Я ніколі такога не прыму, не ўпішуся ў гэтае жыццё… Вы паглядзіце, хто гандлюе ў камерцыйных крамах, на біржах. Хлапчукі… Нейкія новыя, зусім незнаёмыя мне людзі. Часам мне здаецца, што я жыву сярод вар'ятаў… Усе звар'яцелі…