Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Маўчыць.

— Сынок, ты такі радасны, такі прыгожы. Чаму ты пра смерць пішаш?

Паціскае плячыма. Ён сам не мог растлумачыць, адкуль у яго гэтыя словы, гэтая туга.

Пасля знайшла ў Пастарнака… Як ён папярэджваў паэта, што трэба пазбягаць пісаць пра сваю смерць. Кожны напісаны радок у будучым рэалізуецца…

Я не ваш, аблокі серабрыстыя, Я не ваш, блакітныя снягі…

Але я нічога не дапускала, я, што ўсё жыццё выкладала літаратуру, не прадчувала аніякай небяспекі. Вершы ў нашым доме гучалі заўсёды, як гаворка: Ясенін, Пастарнак, Лорка, Мандэльштам… Вы ніколі не заўважалі, што мастацтва любіць смерць? Я таксама гэтага раней не заўважала… Мастацтва любіць смерць, але існуе французская камедыя. Правільна? Чаму ж у нас амаль няма камедый? Бо нам нецікава, сумна проста жыць, радавацца жыццю. Мы любім боль, любім глядзець на смерць. З асалодаю, з якойсьці генетычнай гатоўнасцю мы ідзем на ахвяры, на нягоды. Смерць героя, пакутніка — вось наш ідэал. Хрысціянскі, расейскі, савецкі… Нам даводзілі, што гітара з бантам на сцяне — мяшчанства; калі агонь, дык не ля каміна, а ля вогнішча — піянерскага ці ў чыстым полі, дзе «я знаю, горад будзе, знаю, садам цвісці». Смерць у баі, у палёце… Смерць, якая заўсёды вышэй за жыццё…

І вось аднойчы… Пачынаецца містыка, але ўсё было так. Позні вечар, я ў пасцелі ўжо, перачытваю раман «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава (мая любімая кніга). Даходжу да апошніх старонак… Памятаеце, Маргарыта просіць адпусціць Майстра, а Воланд, дух Сатаны, гаворыць: «Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, і гэта яго не ўстрывожыць. Вам не трэба прасіць за яго, Маргарыта, бо за яго ўжо прасіў той, з кім ён гэтак прагне размаўляць…»

Нейкая незразумелая сіла штурхнула мяне да канапы, на якой спаў сын. Я ўкленчыла перад ім і шаптала, як малітву:

— Ігарок, не трэба. Любенькі мой, не трэба. — Пачала рабіць тое, што мне ўжо было забаронена, як толькі ён падрос: цалаваць яго рукі, ногі. Ён расплюшчыў вочы:

— Мама, ты чаго?

Зусім спакойным голасам я адказала яму:

— З цябе спаўзла коўдра. Я паправіла.

Ён тут жа заснуў. Я пайшла ў другі пакой і таксама заснула: ранічкаю трэба было бегчы ў інстытут. Што адбылося са мною, я проста не зразумела.

Вясёлы, ён дражніўся са мною, абзываючы «агнявуха-вяртуха». Як лёгка бегла я па жыцці… З якім лёгкім сэрцам…

Мы з табой павянчаны… Блакітнай вадою…

Адкуль ён гэта ведаў? У чатырнаццаць гадоў… Набліжаўся дзень яго нараджэння і Новы год. Я паабяцала купіць бутэльку шампанскага…

Не, я не хачу канчаць свой аповед гэтак хутка. У нас было ажно чатырнаццаць гадоў шчасця… Чатырнаццаць гадоў без дзесяці дзён…

У мяне два страшныя сны… Адзін, як мы з ім топімся… Ён жа добра плаваў, аднаго разу я рызыкнула паплыць разам з ім далёка ў мора. Павярнулі назад, адчуваю, сілы не хапае — учарэпілася ў яго, ды мёртвай хваткай. Ён крычыць: «Пусці!» Я крычу: «Не магу!» Учарэпілася, на дно яго цягну. Ён усё-такі адарваўся і пачаў мяне падштурхоўваць да берага… Падтрымлівае і падштурхоўвае… Гэтак мы з ім выплылі.

А ў сне я яго не пускаю… Мы і не тонем і не выплываем…Доўжыцца такая схватка на вадзе…

Другі сон… Пачынаецца дождж, але я адчуваю, што гэта не дождж, а зямля сыплецца. Пясок. Пачынае ісці снег, але я па шоргату ўжо чую, што гэта не снег, а зямля… Пясок. Рыдлёўка стукае, як сэрца: шых-шых, шых-шых…

Зноў мяне цягне да канца… Да краю… Не хачу! Не хачу!

Мне суджана са дна ўбачыць болей, Чым з вышыні. Мне зоркі днём відны. І пах травы ў калодзежы больш чуцен, І гукі ўсе мякчэй у цішыні.

Я шмат думаю пра смерць, але я не хачу сябе забіць. А як ён там? Што там?

Ён любіў мора, рэчку, калодзежы. Ён любіў усё, дзе жыла вада, яна яго прыварожвала: «Глядзіш у ваду, а там цемень». Альбо: «Зорка ціхая адна пабялела, як вада. Цемната». Яшчэ: «І вада цячэ адна… Цішыня».

І тут падыходжу да самага жахлівага моманту… Як толькі я на гэта натыкаюся — хуценька адыходжу, адбягаюся ўбок, ці іду-іду, а перад гэтым момантам спыняюся, як укапаная. Не, я памыляюся, а можа, і не. Не, вядома ж, я памыляюся. Гэта самая жахлівая думка, якая прыходзіла да мяне. Усё-такі насмелюся… Вымаўлю… Упершыню вымаўлю яе ўголас, раптам я ад яе такім чынам пазбаўлюся. У мяне няма іншага спосабу выкінуць яе з душы, акрамя як наважыцца сказаць… Выцягнуць з сябе…

Кожны год я пісала новы рэферат, які пасля павінна была абараняць на кафедры ў інстытуце. Як заўсёды, дома абмяркоўвалі яго разам. Я чытала за вячэрай свае выпіскі, вершы, упадабаныя цытаты. «Паэты, што аддалі жыццё народу, у народзе застаюцца назаўжды» — так была пазначана мая тэма. Хто ёсць паэт? Які ў яго непазбежны лёс у Расеі! Лёс памерці… У сувязі з гэтым мы шмат гаварылі дома пра смерць, пра бацькаўшчыну. З мяне, як з каляднага меха, сыпалася і сыпалася… Цытаты пра нашу дарагую Радзіму, пра тое, што маці-жабрачка даражэй за ўсё… Мой любімы эпіграф да ўсяго ў нашай гісторыі: «Люблю Айчыну я, ды дзіўнаю любоўю…» Паўтарала, як Блок у пісьме да маці пасля вяртання з-за мяжы пісаў, што Радзіма адразу паказала яму і свіны лыч, і боскае аблічча. Націск, вядома, рабіўся на боскае.

Што яшчэ адбывалася гэтым апошнім годам? Ігар ездзіў у Маскву на магілу Высоцкага. Закахаўся ў дзяўчынку Наташу, пасля штосьці ў іх разладзілася, ён пакінуў гаварыць пра яе вершамі. Узяў і пастрыгся нагала, стаў вельмі падобны да Маякоўскага.

Апошняе лета… Загарэлы. Вялікі, дужы. Яму давалі на выгляд васемнаццаць гадоў. Паехалі на канікулы з ім у Талін. Ён быў там другі раз, вадзіў мяне паўсюль, па розных закавулках. За тры дні мы «жахнулі» кучу грошай. Начавалі ў нейкім інтэрнаце.

…Не суджана вам бачыць… Як я хаваюся ў тумане-мгле, І апранаюся паволі ў змрок, І ўрэшце знікну ў цёмна-сінім сне.

Я хацела, каб ён стаў доктарам… Яшчэ нічога не здарылася. Аніякага намёку, а на мяне знячэўку набягалі прыступы нямога адчаю: «Не хачу, каб ён быў паэтам! Не хачу!» А ён пісаў і пісаў вершы…

І ноч зялёная таемна адыходзіць, І месца саду забірае дзень.

Апошні месяц… У мяне памёр брат. Калі б можна было павярнуць час назад, я не брала б у тыя дні з сабой сына. Але ў нас у радзіне мала мужчын, і ён мне памагаў, міжволі выходзіла, што меў дачыненне да смерці. Глядзеў на яе, прывыкаў. У паэзіі, кіно — смерць прыгожая: на хаду, на ляту… Трупа няма, трупа мы не бачым… Як яго мыюць, апранаюць… Як ужо на другі дзень паяўляецца пах… Нічога гэтага ў мастацтве няма. Пасля таго, як ужо было позна баяцца, у мяне ўзнік страх, што ён падглядваў за смерцю, занадта доўга ля яе знаходзіўся: «Ігар, перастаў кветкі… Прынясі крэслы… Схадзі прынясі хлеба…» Вось гэтая звычайнасць рэчаў, якія адбываюцца побач са смерцю, магла падзейнічаць на яго нечаканым чынам. Тут усё магло паяднацца: і жаданне перажыць тое, пра што хацеў напісаць, і непасільна жахлівыя для яго ўзросту пытанні — чаму, куды?

Прыехаў аўтобус. Усе сваякі селі, майго сына няма.

— Ігар, дзе ты? Ідзі сюды.

Ён заходзіць — месца вольнага няма.

Ці то ад штуршка, ці то… Аўтобус крануўся, і брат на імгненне расплюшчыў вочы. Благая прыкмета — у сям'і будзе яшчэ адна смерць. Я думала… мая мама, баялася за яе сэрца… Сталі апускаць труну ў дол, штосьці ўпала туды, я скачу ў гліну, дастаю. Ніхто ў дол не скача… Благая прыкмета… На памінках усе селі, усім крэслаў хапіла, і зноў за гэтым сталом Ігару месца няма…

Калі б можна было павярнуць назад… Я не дала б яму глядзець на смерць… Узірацца…

…А зараз па гадзінах… Чатырнаццатага снежня… Раніцай… Я мыюся, адчуваю: стаіць у праёме дзвярэй, трымаючыся абедзвюма рукамі за вушакі, і пільным поглядам абводзіць ванную, пасля мые рукі, твар…

— Што з табой? Сядай за ўрокі. Я хутка вярнуся.

Моўчкі павярнуўся і пайшоў у свой пакой.

Я спаткала сяброўку. Яна звязала яму модны пуловер. Мне хацелася зрабіць яму прыгожы падарунак у дзень нараджэння. Прынесла дадому, муж насварыўся: «Няўжо ты не разумееш, што пакуль нельга, каб ён насіў такія дарагія рэчы».

Поделиться с друзьями: