Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Я — лекарка, я ішла лячыць людзей, а ў сумачцы ў мяне ляжалі падрыхтаваныя сабе таблеткі… Два месяцы з дня ў дзень я насіла сваю смерць… Што мяне стрымлівала? Нечакана палохае думка, што смерць агідная. Пачынаеш уяўляць, як будзеш ляжаць, як знявечыць тваё цела, твар сутарга… Будзеш гнісці… Я бачыла самагубцаў-вешальнікаў… У апошнія хвіліны ў іх наступае аргазм… Ці ўсе яны ў мачы, у кале… Адна гэтая думка для жанчыны жахлівая. Я вельмі прафесійна ўсё ўяўляла. У мяне, як у доктара, не магло заставацца аніякіх ілюзій аб прыгожай смерці. Смерць не бывае прыгожай, труп героя і баязліўца пахне аднолькава…
Вы хацелі б зразумець прычыну? Як гэта адбылося? Ніхто не верыць… Тут са мной гутарыў псіхіятр, прафесар:
— Муж п'е?
— Што вы?!
— Разлюбіў? Пакінуў?
— Не.
— Канфлікт з дзецьмі?
— У мяне дачка і сын, двое ўнукаў. Мы ладзім.
— З працы звальняюць?
— Не.
— Дык як жа вы сябе да такога давялі?
Я маўчала. Бо пачні я яму распавядаць, ён рашыў бы, што гэта я звар'яцела, а не ўсе вакол. Мінулае магло стаць маім дыягназам…
Чаго мне шкада ў тым жыцці? Як вы кажаце, гэтай беднасці? Гэтага страху? Мне шкада сваёй веры і той вялікай магутнай дзяржавы, у якой мы больш не жывём. Маё жыццё страціла сэнс… Я не ўмею жыць толькі для сябе… Я ніколі гэтак не жыла… Дзе ўсё тое, што мы любім?
…Паляцеў Гагарын… Людзі выйшлі на вуліцы, смяяліся, абдымаліся, плакалі… Рабочыя ў спяцоўках проста з заводаў… Медыкі ў белых шапачках… Шпурлялі іх ў неба: «Мы — першыя! Наш чалавек у космасе!» Гэтага нельга забыць!
Кубінская рэвалюцыя! Малады Кастра! Як мы за іх перажывалі! Я крычала: «Мама! Тата! Яны перамаглі!» Любімая наша песня — «Гранада». Памятаю, як яшчэ ў школу прыходзілі ўдзельнікі баёў у Іспаніі, гэта называлася інтэрнацыянальным абавязкам. Мы ім зайздросцілі. Дома над ложкам я павесіла выразаную з часопіса фатаграфію Далорэс Ібаруры. Пасля ўсе хлапчукі марылі пра Кубу. Праз некалькі дзесяткаў гадоў іншыя хлапчукі гэтак жа трызнілі Афганістанам. Нас лёгка было падмануць…
Памятаю, як адыходзіў на цаліну ўвесь наш дзесяты клас. Яны ішлі па вуліцы калонай, з рукзакамі, з трапяткім сцягам… «Вось гэта — героі!» — думала я. Многія з іх пасля вярнуліся хворымі: на цаліну яны не трапілі, будавалі ў тайзе чыгунку, цягалі на сабе рэйкі па пояс у ледзяной вадзе. Не хапала тэхнікі… Елі гнілую бульбу, ува ўсіх цынга… Але яны былі, гэтыя хлопцы! І была дзяўчынка, што праводзіла іх з захапленнем. Гэта — я!
Гэтую памяць я нікому не аддам: ні камуністам, ні дэмакратам, ні брокерам… Яна — мая! Толькі мая! Я магу пражыць без грошай, без мяса, без пячэння і цукерак, і мне не так шмат трэба. Але вярніце мне радасць жыцця, веру! Калісьці мы з мужам аб'ездзілі ўвесь Каўказ, Крым, Расею. Нашы бацькі нам не пакінулі багацця — ні дачы, ні кватэры, ні грошай. У мяне была раскладанка і дзве табурэткі, муж прынёс коўдру — з гэтага мы пачыналі. Залезлі ў даўгі (пяць гадоў вярталі), каб купіць машыну і падарожнічаць. Сёння — паўсюль межы… Вайна… А радзіма там, дзе больш плацяць… Як у кашмарным сне… Ніяк не прачнуцца, а прачнуцца трэба…
І ўсё-такі, як гэта здарылася? Той момант… Апошні… Я ведаю, што часцей гэта робяць уначы… На адзіноце… У цішыні… Вечаровы чалавек бліжэй да цемры, у якую апускаешся… Сон вельмі падобны на смерць… Мне таксама заўсёды здавалася, што ранішні чалавек мацней любіць жыццё, чым вечаровы, начны… Але я гэта зрабіла раніцай…
Пазваніла Карына, мужава сястра, бежанка з Баку (муж у мяне армянін). Яны нядаўна прыехалі да нас у Менск, калі там усё пачалося… Купілі дом у прыгарадзе.
— У нас у Баку ўжо цвіце міндаль, — і я пачула, як Карына заплакала. — А тут яшчэ снег у красавіцкіх лужынах. Летась я ніводнага свайго сарафана не апранула. Па звычцы пашыла тры — ружовы, з кветкамі і белы, але ўсё лета ішоў дождж.
— Карына, тут падае снег, а ў вас страляюць… Цяпер ты будзеш жыць тут… Народзіш яшчэ аднаго сына…
— Я сабе гэта штодня таксама кажу. Але мне пахне міндаль…
У Карыны ў Баку загінуў сын Андронік. Дзесяцігадовага хлопчыка на хаду выкінулі з аўтобуса… А цётцы Рузане, яна была на шостым месяцы цяжарнасці, успаролі нажом жывот… Гэта адбываецца цяпер, у наш час: калі вы радуецеся веснавому сонцу, пралескам, купляеце на вячэру торт, у Баку забіваюць армян, а ў Ерэване азербайджанцаў. Адно — бачыць гэта па тэлевізары: страляюць, паляць, хаваюць… Плачуць, хрысцяцца… І зусім іншае, калі гэта твая кроў праліта, тваіх блізкіх. Ты з імі смяялася, пісала ім пісьмы, сядзела разам за святочным сталом, спявала адны песні. Задыхаешся ад жаху… Дранцвееш… Не крычыш, а выеш у душы, усярэдзіне. Запіхваеш-запіхваеш у сябе гэты крык… Але аднойчы не вытрымліваеш… Як я тою раніцаю… Бярэш жменю таблетак… Каб нічога не ведаць, не чуць… Заснуць… І не думаць аб тым, каго народзіць жанчына, якая бачыла, як пячорным спосабам чвартуюць людзей у горадзе, дзе пахне міндаль… Як на дзвярах хлебнай крамы павесілі старую армянку. І ля ног яе стаяла сумка з хлебам…
Я думала, што сваёй смерцю іх спыню… Затрымаю, уратую… Мужа ўратую… Сына… Яны хочуць паехаць туды… Помсціць… Забіваць… Як мне іх утрымаць? Чым?
Чужая краіна… Чужы горад… Чужыя людзі… Я нічога не разумею і не пазнаю… Пазнаю толькі жывёлін. Птушак. Можа, таму людзі сталі гэтак часта заводзіць шчанюкоў? На сабачых выставах чэргі даўжэйшыя, чым у маўзалей і ў музеі. Я вырвуся з бальніцы, паеду на дачу. Буду капаць зямлю, глядзець на дрэвы, на траву… Я не хачу бачыць людзей…
У чым мая віна? Чаму я павінна каяцца? Я нікога не расстрэльвала, не выдавала… А яны крычаць на плошчы, што ўсіх камуністаў трэба судзіць, саджаць у турмы. За што? Мяне — за што? Майго мужа — за што? Мы верылі, любілі… Нікому зараз не веру! Нікому!!!
Я ўсіх баюся… Я баюся, бо не магу разлюбіць тое, што са мною было…
Гісторыя, расказаная маладым чалавекам, які зразумеў, што жыццё больш Феліні, чым Бергман. Алянсандр Ласковіч — салдат, 21 год
— Выбіраў не я, выбіраў нехта іншы: альбо памру, альбо не буду ведаць, што жыву. Дагэтуль у гэтым не ўпэўнены… Я не быў у Амерыцы, але мне часта здаецца: я там жыў… Гляджу на чужыя карцінкі, як на штосьці знаёмае… Я не ведаю, хто зараз сядзіць з вамі за сталом, размаўляе. Можа, гэта я? А можа, і не? Часам я ўсё пра сябе забываю… Пасля раптам наткнешся: быццам бы гэта я? Мне ніколі не падабалася быць хлопчыкам… Усё выбралі без мяне: імя, месца, час… Нос, форму вушэй, колер валасоў… Мама марыла пра дзяўчынку, тата, як заўсёды, хацеў аборт. Там, яшчэ ва ўлонні маці, я адчуваў, гэта ўсмакталася ў маю падкорку, што я нікому не патрэбны, магу не паказвацца, не паяўляцца…
Першы раз я хацеў павесіцца ў сем гадоў. З-за кітайскага тазіка… Мама зварыла варэнне ў кітайскім тазіку і паставіла на табурэтку, а мы з братам лавілі нашу кошку Муську. Муська ценем праляцела пад тазікам, а мы не… Мама маладая, тата на вайсковых вучэннях… На падлозе лужына варэння… Мама праклінае лёс афіцэрскай жонкі, якой трэба жыць за блізкім светам, на Сахаліне, дзе ўзімку снегу навальвае да дванаццаці метраў, а ўлетку — лопух аднаго росту з ёй. Яна хапае бацькоўскі рамень і выганяе нас на вуліцу.
— Мама, на дварэ дождж, а ў паветцы мурашы кусаюцца…
— Пайшлі! Пайшлі! Прэч!!!
Увечары брат пабег да суседзяў, а я зусім сур'ёзна наважыўся павесіцца. Залез ў паветку, намацаў у карзіне вяроўку… Прыйдуць раніцаю, а я вішу… Вось, сукі, вам! І тут у дзверы ўплішчваецца Муська, яе зялёныя вочы ўспыхнулі ў цемнаце, як бенгальскія агні… Мяў-мяў… Любая Муська! Ты прыйшла мяне пашкадаваць… Я абняў яе, і так мы з ёй праседзелі да раніцы…
Што такое быў тата? Тата — нампаліт авіяпалка. Мы пераязджалі з аднаго вайсковага гарадка ў другі, усе яны пахлі гуталінам і танным адэкалонам «Шыпр». Так заўсёды пахла і ад майго таты. Мне — восем гадоў, брату — дзевяць, тата вяртаецца са службы. Рыпіць партупея, рыпяць хромавыя боты. У гэтую хвіліну нам з братам ператварыцца б у невідзімак, знікнуць з ягоных вачэй! Тата бярэ з этажэркі «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Барыса Палявога, у нашым доме — гэта «Ойча наш».
— Што было далей? — пачынае ён з брата.
— Ну, самалёт упаў. А Аляксей Мярэсьеў папоўз… Паранены… З'еў вожыка… Зваліўся ў канаву…
— Якую яшчэ канаву?
— У варонку ад пяцітоннай бомбы, — падказваю я.
— Што? Гэта было ўчора, — уздрыгваем мы абодва ад камандзірскага татавага голасу. — Сёння, значыць, не чыталі?
Круцімся вакол стала, як тры Чапліны — адзін вялікі, двое малых: мы са спушчанымі штанамі, тата — з дзягай. Усё-такі ў нас кіношнае выхаванне, так? Не з кніг, а з фільмаў мы выраслі… Кнігі, якія прыносіў дадому тата, у мяне дагэтуль выклікаюць алергію. У мяне тэмпература падымаецца, калі я бачу ў каго-небудзь на паліцы «Аповесць пра сапраўднага чалавека». О! Тата марыў кінуць нас пад танк… Ён хацеў, каб я папрасіўся ў Афганістан… А калі б мне там адсеклі ногі, як Аляксею Мярэсьеву, вось тады ягонае жыццё не марнае. Ён быў бы шчаслівы! Ён мог бы мяне расстраляць, калі б надарылася вайна і я парушыў бы прысягу. Комплекс Тараса Бульбы… Тата належаў ідэі, ён — не чалавек. Але мяне аніяк не ўдавалася запраграмаваць на вайну… Альбо на шчанячую гатоўнасць заткнуць сабою дзірку ў плаціне, легчы пузам на міну… Я трушчыў божых каровак, на Сахаліне ўлетку божых каровак, як пяску. Трушчыў іх, як усе, пакуль аднойчы не спалохаўся: навошта гэта я столькі маленькіх чырвоных трупікаў нарабіў? Муська прывяла неданошаных кацянят… Я іх паіў, выходжваў. Паявілася мама: «Яны што — мёртвыя?» І яны памерлі пасля яе слоў. Тата дарыў мне вайсковыя фуражкі… Але я ніколі не хацеў быць хлопчыкам… Дзіцячы страх: хлопчыкі ўсе становяцца вайскоўцамі, і іх забіваюць… О! Як я хацеў малочнымі зубамі ўгрызціся ў татавы хромавыя боты, біцца і кусацца. За што ён мяне — па голай задніцы перад суседскім Віцькам?!