Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

На абед дала яго любімыя пельмені. Звычайна талерку з дабаўкай просіць, а тут паторкаў відэльцам і пакінуў.

— Што-небудзь у школе здарылася?

Маўчыць. Тут я заплакала, у мяне чамусьці слёзы руччом паліліся. Сама злякалася — я плакала гэтак наўзрыд упершыню за многія гады. На пахаванні брата са мною такога не было. І ён спалохаўся моцна, я нават пачала яго суцяшаць.

— Памерай пуловер.

Апрануў.

— Падабаецца?

— Вельмі.

Зазірнула праз нейкі час да яго ў пакой: ён чытаў Пушкіна. У другім пакоі бацька друкаваў на машынцы. У мяне балела галава, і я задрамала. Калі пажар, людзі спяць мацней, чым звычайна… На бяду… Я пакінула яго за сталом… Цімка, наш сабачка, ляжаў у вітальні. Не забрахаў, не заенчыў…

Не памятаю, колькі часу мінула, расплюшчваю вочы: ля мяне сядзіць муж.

— А дзе Ігар?

— У туалеце. Запёрся. Напэўна, вершы свае бубніць, з гадзіну ўжо.

Дзікі, немы жах падкінуў мяне ўгору. Падбягаю, стукаю, грукаю ў дзверы. Б'ю рукамі, нагамі. Цішыня. Клічу, крычу, упрошваю. Цішыня. Муж шукае малаток, сякерку. Узломвае дзверы… У старэнькіх штоніках, швэдары, хатніх тапках… На нейкім раменьчыку… Схапіла, панесла… Мяккі, цёплы… Пачалі рабіць штучнае дыханне… Выклікалі «хуткую дапамогу»…

Як жа я спала? Чаму Цімка не адчуў? Сабакі такія чуйныя… Я сядзела і глядзела ў адну кропку… Як вар'ятка… Мне далі ўкол і я кудысьці правалілася… Раніцай разбудзілі:

— Вера, падымайся. Пасля сабе не даруеш.

«Ну, зараз я табе дам, ты ў мяне атрымаеш», — падумала я, і тут да мяне даходзіць, што «даваць» няма каму.

Ён ляжаў… На ім той пуловер, які я падрыхтавала яму на дзень нараджэння… Усё знаёмае, роднае — твар, вусны, рукі… Я дакранаюся да яго… І ён дакранаўся да мяне… Яшчэ дзень мы былі разам…

Я дарую табе, поле, Я дарую табе, возера, Я дарую табе, Бацькаўшчына…

Не затрымаць… Не запыніць… Не падштурхнуць да берага… Можа, я занадта моцна яго любіла? Як нельга любіць?..

— Я не ведала, куда мне бегчы. У царкве малілася, але баялася прызнацца, што ён скончыў самагубствам. Ходзіш і на неба глядзіш… На неба… На неба… На неба… Крычаць пачала не адразу, праз некалькі месяцаў. Але слёз не было. Крычаць крычала, а не плакала. І толькі калі адноечы выпіла шклянку гарэлкі — заплакала. Пачала піць, каб плакаць… Пачала чапляцца за людзей. У адных нашых сяброў мы праседзелі, не выходзячы з кватэры, два дні. Зараз разумею, як ім было цяжка, як мы іх мучылі. Мы ўцякалі са свайго дому… Як заставаліся, я адчыняла дзверы ў туалет, стаяла і глядзела: на тую трубу ад выцяжкі, на тыя сцены… Пакуль муж не адцягне… Двойчы хацелі памяняць кватэру, ужо дакументы падрыхтуем, людзей абнадзеім, спакуем рэчы… І не магу з кватэры выйсці, нешта вынесці… Не для мяне гэтае выйсце — пачаць новае жыццё… Я сноўдалася па крамах, падбірала яму рэчы: вось гэты швэдар — ягоны колер, і гэтая сарочка…

Якаясьці па ліку вясна… Якая — не памятаю. Прыходжу дадому, кажу мужу:

— Ведаеш, сёння я спадабалася аднаму мужчыну. Ён хацеў прызначыць мне спатканне.

І мой муж адказвае:

— Як я рады за цябе, Верачка. Ты вяртаешся…

Бязмежна была я ўдзячна яму за гэтыя словы.

Тут я хачу распавесці пра свайго мужа. Ён — фізік, сышліся вада і полымя. (Памаўчаўшы.) Не, пра каханне, як і пра смерць, немагчыма расказаць. Я кахала… Чаму кахала, а не кахаю? Бо той мяне няма… А сябе новую, акрыялую, я не ведаю… Не разумею…

Уначы ляжу з расплюшчанымі вачамі. Званок. Выразна чую званок у дзверы.

Раніцаю расказваю мужу. Ён:

— А я нічога не чуў.

Апошні раз — званок. Я не сплю, паварочваю вочы на мужа: ён таксама прачнуўся.

— Ты чуў?

— Чуў.

І Цімка кругі робіць ля ложка, як па следу за кімсьці… Я некуды падаю, у нешта цёплае… І бачу такі сон…

Невядома дзе выходзіць да мяне Ігар у тым адзенні, у якім мы яго пахавалі.

— Мама, ты мяне клічаш і не разумееш, як мне цяжка да цябе прыйсці. Перастань плакаць.

Дакранаюся да яго, ён мяккі.

— Табе было добра дома?

— Вельмі.

— А там?

Ён не паспявае адказаць, знікае.

З той начы я перастала плакаць, пачала гаварыць яму толькі ласкавыя словы: «Ты — самы добры. Самы прыгожы. Самы лепшы».

І ён стаў сніцца мне маленькім, толькі маленькім. А я чакаю яго вялікага, каб пагаварыць з ім, зразумець яго…

Гэта быў не сон… Я толькі заплюшчыла вочы… Дзверы ў пакой расчыніліся… Дарослым, якім я яго ніколі не бачыла, ён зайшоў на імгненне… У яго быў такі твар, што я зразумела: яму ўжо ўсё адно, што тут адбываецца. Нашы гаворкі пра яго, успаміны. Ён ужо зусім далёка ад нас…

Тады я захацела нарадзіць… Цяжка хварэла, я не павінна была раджаць, але нарадзіла. Дзяўчынку… Мы да яе адносімся, быццам яна не наша дзяўчынка, а Ігарава дачушка. Я баюся яе гэтак любіць, як любіла яго, я не магу яе гэтак любіць… Хачу пакінуць інстытут… Ува мне няма святла і радасці… Я чытаю вершы, і мне здаецца, што ўсе яны пра смерць…

У Бэлы Ахмадулінай ёсць такія радкі:

І я хацела, і паіла мёдам. Паіла мёдам, а ўспаіла ядам…

А можа, ён толькі хацеў зазірнуць за край? Не верыў, што не вернецца?

«Зачыняю дзверы, якіх не адчыніў…» — так пасля назвалі кнігу ягоных вершаў.

Ёсць у мяне адна жахлівая думка: а раптам бы сам ён распавёў зусім іншую гісторыю?..

Гісторыя пра тое, як немагчыма разлюбіць маршы, Сталіна і кубінскую рэвалюцыю. Маргарыта Паграбіцкая — лекарка, 52 гады

— Мне здаецца: я ведала, што вы прыйдзеце. Увесь час кагосьці чакала, хто б мяне выслухаў. З чаго пачаць? Я трошкі разгубілася… Але гэта добра, што вы маладзейшая за мяне, інакш — што б я магла вам распавесці…

…Нядаўна мы з мужам паехалі ў Маскву і першы раз не пайшлі на Красную плошчу. Такога раней ніколі не здаралася. Хай у нас быў усяго адзін дзень, і ногі ў нас падкошваліся ад стомы, усё адно, хоць бы ўначы ці на світанні перад самым ад'ездам, мы павінны пабываць на Краснай плошчы. А зараз не пайшлі. Не хацелася.

Я заўсёды чакала гэтых першых хвілін, калі цягнік падыходзіў да Беларускага вакзала, грымеў марш, і сэрца білася ад слоў: «Таварышы пасажыры, наш цягнік прыбыў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой — Маскву!»

Раскутая, магутная, нікім непераможная,

Масква мая, зямля мая, любоў ты найдарожшая…

Дзе гэта? Куды знікла жыццё, якім мы жылі раней? Нас напаткаў чужы, незнаёмы горад… На Арбаце, маім любімым Арбаце, прадавалі размаляваныя матрошкі, самавары, старыя абразы і тут жа — камсамольскія білеты. Вы ўяўляеце? Франтавыя ўзнагароды — ад ордэна Славы да медаля «За Перамогу»! Чырвоныя сцягі з Леніным, савецкую вайсковую форму — ад прапаршчыка да маршала… Кошт у доларах… Муж ледзь не біцца кінуўся: «Гэта ж бандыты!» Я паклікала міліцыянера, і ён нам, правінцыялам, хуценька, пэўна, налаўчыўся ўжо, растлумачыў: «Прадметы эпохі таталітарызму… Дазволена гандляваць… Прыцягваем да адказнасці толькі за наркотыкі і парнаграфію…» А партбілет за пяць долараў — не парнаграфія?! Немажліва было пазбыцца пачуцця, што гэта нейкія дэкарацыі, кіно здымаюць… Жудасны фантастычны фільм… Як і гэты другі фільм — што я тут, у бальніцы. Вось гэтая жанчына, што зараз міма нас прайшла ў сталоўку (хутка абед), вешалася. Інжынер. Трыццаць гадоў жыла ў інтэрнаце, бо адзіночка, і, нарэшце, атрымала аднапакаёвую кватэру. Падлогу вымыла. Вокны адскрэбла ад фарбы. А пасля на нейкім шпагаце… Добра, што дзверы не замкнула па звычцы, як у інтэрнаце… Тут у кожнага свая гісторыя…

Поделиться с друзьями: