Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Вы, пане, ведаеце гэтага хадваката. Ён нядаўна ў вас гасціў. Мікалай яго ведае, а Мікалай то ўжо вельмі разумны і добры чалавек... але, вядома, чалавек памыліцца можа... Што мне рабіць?

Бахрэвіч пра таго адваката, якога ведаў Мікалай, меў самае добрае ўражанне. Можна нават сказаць, што ягоны розум, адносіны, элегантнасць абуджалі ў ім пэўную павагу. Лічыў яго, зрэшты, ужо амаль сваім зяцем. Але, нягледзячы на неспакой, цярпліва выслухаў кароткія пытанні жанчыны і лагодна сказаў тое, у чым сапраўды быў абсалютна перакананы, а менавіта, што больш спрытнага і больш уплывовага адваката, як Капроўскі, не толькі ў Ангродзе, але і на ўсім белым свеце няма. Калі ўжо што-небудзь у чыім-небудзь інтарэсе і можна зрабіць, то ўжо ён сапраўды зробіць, але без грошай на свеце нічога не робіцца. Колькі ён іх ад Хрысціны запатрабаваў, колькі яна іх мела і магла яму даць, не спытаўся, як таксама не падумаў пра тое, ці і праўда магчыма праз якія-небудзь захады затрымаць у родных мясцінах хлопца, якога кудысьці высылаюць. Але хіба каб дзень і ноч над гэтым раздумваў, усё роўна выйшла б тое самае. Проста зусім не ведаў, было гэта мажліва ці немажліва. Здавалася яму: чаму ж не? За грошы, ды з такім спрытам, які ёсць у Капроўскага, і яшчэ з такімі сувязямі ўсё можна зрабіць. Сказаў гэта Хрысціне і з вышыні свайго сядла, гледзячы на яе спытаўся:

– Што? Як табе там? Не надта дрэнна з Ясюкамі жыць? Га?

Яна не адказала. Як ніколі не бегала за ім, ніколі не расказвала яму, як ёй жылося: добра ці дрэнна. Пыталася часам пра што-небудзь, пра які ратунак для сына, папрасіла, і годзе! Што ёй з таго, што яму раскажа? Ці ж ён яе пашкадуе? Не пашкадаваў маладой, то цяпер састарэлай тым больш шкадаваць не будзе!

– Дабранач, Хрысціна!
– развітаўся ён, ад'язджаючы.

– Едзьце, пане, шчасліва!
– адказала яна, але не адышлася.

Ён пусціў каня хуткім галопам і, моцна трымаючыся ў сядле, аддаляўся і знікаў ва ўсё больш густым змроку. У паветры паступова сціхаў тупат конскіх капытоў. Яна, падпёршы далонню шчаку, стаяла ўсё на тым самым месцы, дзе толькі што размаўляла з ім. Да зорак, якіх ужо шмат засвяцілася на небе, вачэй не ўзняла. О, не! Глядзела ў зямлю, у зямлю, змочаную расой, як слязамі, у зямлю, на якой вырасла, як адзінокая травінка, людзям для патаптання, для сораму і клопату. Успаміны, якія на дне яе душы пад тоўстым пластам клопатаў, сораму і працы ўвесь час затоена жылі, пры тупаце конскіх капытоў, які ўсё аддаляўся і аддаляўся, цяпер разварушыліся і разбалеліся. Апушчаныя да зямлі яе вочы былі сухія, але пад грубай кашуляй, у запалых грудзях расплакалася незагойная рана. Некалькі разоў яна ціха паўтарыла:

– Едзьце, пане, шчасліва! Едзьце, пане, шчасліва! Едзьце шчасліва! З Богам!

І былі гэтыя словы, як дараванне і блаславенне.

Раптоўна ў яе вачах паўстаў воблік маладога хлопца: стрыжанага па-салдацку, бледнага і хударлявага, з вачыма, падобнымі да кветак ільну. Нявольнік толькі, і нічога больш. Сумны, як бы трошкі заплаканы, і кавалак салдацкага шыняля засвяціўся металічным гузікам. Хрысціна сарвалася з месца і подбегам рушыла да чацвертака. Зараз у яе душы нічога не было, апрача тысячу разоў паўтаранага слова: сын! сын! сын! сын!
– і радасць, якая кружылася наўкол гэтага слова, бо яго можна выратаваць. Бахрэвіч сказаў, што можна і што той хадвакат– вялікі чалавек... Яна і перад тым сама сабе думала, што калі Мікалай так кажа, то, пэўне, праўда, але Бахрэвіч лепш яго ведае і яшчэ разумнейшы за Мікалая, а тое самае гаворыць.

У чацвертаку, як толькі павячэралі і заснулі дзеці, Ясюк падсеў да жонкі, якая ўсё яшчэ нездаровая сядзела на адзіным тут ложку, засцеленым сенам і грубым палатном. Пачалі абое вельмі ціха і ажыўлена гаварыць. Ясюк успамінаў пра Мікалая, ад якога вярнуўся перад самай вячэрай, чухаў сабе патыліцу і цяжкімі сваімі рухамі паказваў заклапочанасць і трывогу. Галена, як было відаць, з нечага цешылася і на нешта мужа намаўляла. Пасля тых нешчаслівых родаў часта кашляла і колькі разоў ішла ў яе з рота кроў. Ясюк гэтага кашлю не выносіў і казаў, што калі яго чуе, то яму пад сэрцам нешта круціць пачынае. «Шруба не шруба, казаў, от так і ўкручваецца пад сэрца». Таму цяпер, калі Галена, пераконваючы яго ў нечым і нечага просячы, зайшлася кашлем, ён устаў і сказаў:

Ну, добра ўжо, добра! Пайду, занясу яшчэ, рызыкну... Можа, Бог злітуецца і пацеху пашле, а ты, баба, як узрадуешся, дык і выздаравееш...

– А пэўне, - адказала Галена, - мусіць, радасць - гэта наймудрэйшая знахарка... найлепей лечыць...

– Але!
– пацвердзіў муж, і яны пераглянуліся. Яна, узрадаваная, усміхалася яму сваімі бледнымі, лагоднымі вуснамі, а ў яго раз'ясніўся прыкрыты цёмнай, густой чупрынай лоб.

– Можа, Пан Бог злітуецца і пашле суцяшэнне!
– паўтарыў ён.

Потым, калі Ясюк з жонкай заснулі, Хрысціна і Антосік усунуліся ў камору. Так, як і тры месяцы таму, кабета села на падлогу і адчыніла куфар, а малады парабак, стоячы за ёй, трымаў у руках запаленую лучыну. І так, як тры месяцы таму, паказалася са дна куфра панчоха, ужо толькі на дзве траціцы напханая грашыма. Хрысціна выцягнула з яе спачатку два аркушы паперы, пажоўклыя, складзеныя ў чатыры столкі, спаважна адклала іх убок і пачала лічыць медныя і срэбныя манеты. І гэтаксама, як і тады, Антосік дапамагаў ёй лічыць, але, калі ўжо яна адлічыла патрэбную суму, зазірнуў у глыбіню панчохі і з нейкім ваганнем у голасе сказаў:

– Мама, а тое, што засталося, значыць, ужо маё!

– Тваё, сынку, тваё, - адказала і задумалася на хвіліну.

– Вось табе і пахаванне з ксяндзом і харугвамі! Вось табе і прыгожая труна! Вось табе і крыж на магіле, прыгожы, маляваны! Як сабака жыла, як сабаку мяне і пахаваюць. Ой, Піліпка, Піліпка, на смерць я сабе тыя грошы хавала, на годную смерць, хрысціянскую і магілку прыгожую, каб сорам мне ўзнагародзіла, які я за жыццё піла... Але... Божая воля! Смяротныя гэтыя грошы мае на твой ратунак, дзіця ты маё, аддаю...

Некалькі слязінак скацілася з яе вачэй на медныя і срэбныя манеты. Антосік слухаў яе шэпты з панурым выглядам. Калі яна асцярожна і з пашанай засунула пажоўклыя паперы ў звыклую для іх схованку і бралася ўжо завязваць панчоху, парабак раздражнёна і неяк зласнавата буркнуў:

– Але маіх то ўжо, мама, адсюль не бярыце... Каб там невядома што, не бярыце! Досыць ужо надаваліся Піліпку, хай і мне трошкі застанецца... Усё ж і я ваша дзіця, а не чыё... Чуеце, мама!

Хрысціна паглядзела на яго са здзіўленнем. Вочы хлопца гарэлі такім агнём, якога дагэтуль у іх не бачыла, голас ягоны таксама дзіўна перамяніўся. Хацела палаяць яго за тое, што без належнай павагі азваўся да яе, але апошнія словы яго абудзілі ў ёй шкадобу.

– А чыё ж ты дзіця?
– адказала яна.
– Вядома, што маё, таксама як і Піліпка. На абодвух вас я працавала і абодвух любіла... толькі што цяпер той бяднейшы... ты тут і, дзякаваць Богу, здаровы і дужы, а ён слабенькі, недалэнга, і шлюць яго туды, дзе жоўтая трасца і такая высыпка, ад якой вушы гніюць і адвальваюцца... Затое я, бачыш, сынок, яму і аддала ягоныя грошы і свае, што на смерць хавала...

– Але маіх то ўжо не аддавайце, - паўтарыў Антосік і яшчэ дадаў: - А калі аддасце, то вам гэтага да смерці не забуду... Далібог, не забуду!..

– Не аддам, сыночак, не аддам! Толькі гэтыя ўжо пашлю... хафіцэр той згодзіцца і выдасць дэкрэт, што Піліпка на зіму ў Грынькі прыйдзе...

– Ну, добра, і я сам гэтага вельмі б хацеў, - скончыў супакоены ўжо хлопец і дапамог мацеры замкнуць куфар.

Усё гэта адбывалася ў чэрвені, падчас сенакосу, абворвання бульбы, праполкі лёну і пшаніцы. Цяпер, у жніўні, Юрка зноў прыбег да бацькоўскага дому, але бацькі ў хаце не было. Уллянка сказала яму, што старэйшы брат арэ ў полі, а бацька пайшоў да Дзельскіх пагаварыць пра тую зямлю, якую яны прадаюць, а ён хоча купіць. Хата была бітком набітая снапамі высушанага лёну. Стаялі тут яны на лавах і на глінянай падлозе, уздоўж чорных, закурэлых сценаў. Дзяўчына, занятая лёнам, паспешна дала брату міску крупніку і кавалак хлеба. Юрка паеў, наплёў сястры розных дзівосаў пра горад, у якім жыў, а потым сарваўся з лавы, выбег з хаты на дарогу і, пасвістваючы, падскокваючы і абрываючы галінкі з дрэў, кідаючы каменьчыкі на поле, памчаў у кірунку Лясной. Досыць хутка, бо, можа, праз гадзіну, вярнуўся да роднай хаты. Вяртаўся ён з іншым настроем. Ногі ледзь перастаўляў, як быццам бы было яму гадоў пад восемдзесят, надзімаў вусны з выразам разгневанасці і пакрыўджанасці, вочы ў яго распухлі ад плачу, каўнер кашулі быў падзёрты і адна шчака была апухлая і чырвоная, як быццам бы ад аплявухі. Усунуўся ў хату, як злодзей, стаў каля дзвярэй і, прыклаўшы кулакі да воч, зарумзаў. Шапка звалілася з ягонай галавы, валасы былі ўскудлачаныя.

Поделиться с друзьями: