Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

І хоць ужо выпіў шмат мёду і трошкі гарэлкі, досыць звязна пачаў расказваць пра справу, якая была важнай для ўсёй вёскі. Але Пётра перабіў яго і пачаў гаварыць сам. Максім Будрак і трое Лабудаў гаварылі таксама, перабіваючы адзін другога, з чаго зрабіўся вялікі галас і шум. Але старшыня да публічных размоў быў ужо трошкі прызвычаены.

– Па чарзе, вашэці грамада, - усклікнуў.
– Па чарзе гаварыце. Напачатку адзін, потым другі, а я буду слухаць. Я паміж вамі ўсімі найважнейшы, і ўсе вы да мяне, як да бацькі...

– Як да бацькі!
– пацвердзілі хорам усе, а ў гэты час п'яны Сымон прысунуўся да старшыні і, цалуючы яго ў локаць, пачаў:

Я да вас, спадар старшыня, як да бацькі... гаспадарку не прадавайце... горкая бяда мне і дзеткам маім...

Некалькі рук выцягнулася і адштурхнула п'яніцу, які тут жа, хістаючыся, палез да арандатара, мармычучы:

– Хацкелька, гарэлкі дай... Калі Бога баішся, яшчэ са два кілішкі дай... яшчэ маю пару злотых... заплачу... Горкая бяда...

Клеменс, пабачыўшы, што паміж старшынёй і гаспадарамі распачынаецца сур'ёзная гаворка, высунуўся з гэтага кола і пайшоў да іншага, дзе было некалькі кабет, што сядзелі ля грубкі. Яны таксама елі прывезенае з дому, разважалі пра сённяшні кірмаш, спрачаліся альбо расказвалі адна адной пра розныя свае клопаты. Пры набліжэнні Клеменса ў гэтай грамадзе раздаліся пісклівыя крыкі і рогат. Павесялеўшы і асмялеўшы ад дзвюх шклянак мёду, хлопец ушчыпнуў за руку нейкую знаёмую маладзіцу з Сухой Даліны, а другой сказаў нешта такое на вушка, што яна зачырванелася, як півоня, і засланіла ад яго рукою твар. Іншыя, старэйшыя, нібы злуючы, нібы жартуючы, адпіхвалі яго кулакамі і крычалі, каб ішоў сабе да мужчын. Неўзабаве, аднак, усе сціхлі і, ўздымаючыся на дыбачкі, адна праз другую пачалі глядзець на прадмет, які хлопец выцягнуў з-пад сярмягі і паказаў ім. Гэтым прадметам быў досыць вялікі абразок нейкай святой, абрамлены рамкаю, пакрытай залацістай паперай. У святой было чырвонае ўбранне, залатая карона на галаве, а ў руцэ яна трымала блакітную пальму. Тоўсты пласт яркіх фарбаў і бліскучая ад агню пазалота рамкі выклікалі ў жаночым гурце захапленне. Шырока расплюшчвалі вочы, раскрывалі раты, любаваліся і ўсё дапытваліся, ці для сябе купляў Клеменс гэтую прыгожую рэч, ці для каго іншага? Ён добра ведаў, дзеля каго купіў абразок, але нікому пра гэта не казаў і, залівіста смеючыся з цікавасці і зайздрасці баб, зноў схаваў яго за сярмягу. Тут з грамады, што гаманіла і піла ля акна, аклікнуў яго невысокі, рухлівы чалавечак з кірпатым носам, апрануты напалову па-сялянску, напалову па-шляхецку: ляснік з суседняга двара, які сёння ў ягонага бацькі купіў карову.

– Клеменс!
– клікаў: - Гэй, Клеменс! Выпі, ну, з намі. Каб карова была здаровая!

Хлопец выпіў да дна пададзеную яму чарку і, упадаючы ў шал весялосці, падскочыў да бочкі, што стаяла ў куце, пахіліў яе і выліў з яе ваду на падлогу.

Каб карова столькі малака давала!
– крыкнуў.

Хата аж затрэслася ад рогату, кабеты пішчалі, прыўздымалі спадніцы і ўцякалі ў супрацьлеглы кут. Шырокі струмень вады плыў ад сцяны да сцяны, несучы па спадзістай няроўнай падлозе кінутыя раней шкарлупкі ад яек, агуркоў, селядцовыя галовы і хвасты. Клеменс знік у віры сялянскага тлуму, які акружыў яго з чаркамі ў руках, дзе быў таксама і Сымон, што ўсё цягнуў яго за рукаў і з чаркаю ў руцэ мармытаў:

– Пазыч грошай, Клеменс, змілуйся, пазыч... хоць залатоўку... усе свае ўжо прапіў... Горкая мая доля і дзетак маіх...

Ужо зусім сцямнела. Карчомныя прыслужнікі паставілі на сталах у розных месцах памяшкання тры тонкія свечкі з лою ў медных, пакрытых тлушчам падсвечніках.

Сцяпан Дзюрдзя да гэтага часу голасна вёў рэй у нейкай невялікай грамадцы, відаць, узрадаваны тым, што хоць раз дзе-небудзь і кім-небудзь мог кіраваць. Калі бліснула святло, заўважыў ён акружанага жыхарамі Сухой Даліны старшыню, які штосьці паважна ім гаварыў. Цёмны, зморшчаны твар Сцяпана паружавеў ад ажыўленай гутаркі, дзе ён быў у цэнтры ўвагі, а таксама і ад выпітай гарэлкі. Аднак зацікавіла яго, пра што суседзі размаўляюць са старшынёй і, прысунуўшыся да іх, пачаў слухаць.

– Так ужо трэба, вашэці грамада, - казаў старшыня.
– Іначай няможна, без гэтага ўжо нічога. Планіпатэнтаў сабе выбераце, каб ад усіх вас пайшлі ў горад і гадваката нанялі... Найперш, планіпатэнтаў выбраць... а потым гадваката наняць. Усёй грамадой не будзеце да гадваката і ў суд хадзіць... Планіпатэнты вашы будуць хадзіць... у які-небудзь дзень збярыцеся ў старасты і зрабіце нараду, каго выбраць, хто ў вас наймудрэйшы і хто заслугоўвае найбольшай павагі!

Дзюрдзі, Будракі, Лабуды стаялі перад старшынёй, уважліва яго слухаючы. Калі ён скончыў, азвалася колькі галасоў:

– Навошта нам на потым адкладваць! Мы і зараз можам выбар зрабіць... хай спадар старшыня сведкам будзе.

– Але, - пацвердзілі іншыя, - можам, чаму не можам.

– Мы ж не ўсе тут, - запярэчыў нехта.

– Нічога! Што мы тут пастановім, на тое ўсе і пагодзяцца, - настойваў стараста Сухой Даліны Антон Будрак.

– А колькі тых планіпатэнтаў трэба?
– спытаўся Пётра.

– Трое, - адказаў старшыня, - больш не трэба, але трое, то ўжо абавязкова трэба.

Сцяпан у гэты час пацягнуў Пётру за рукаў і шапнуў:

Скажы, Пятрук, каб мяне за планіпатэнта выбралі...

Але некалькі галасоў заглушыла ягоны шэпт.

– Найперш то ўжо старасту просім...

Круглы, пульхны, з рыжаватым вусам і кірпатым носам твар Антося засвяціўся, як поўня.

– Добра, - адказаў, - буду, чаму не буду? А больш каго?

Сцяпан ужо ўсім кулаком Пётру ў бок ударыў.

– Ну, азавіся ж... скажы, каб мяне выбралі...

Ягоныя вочы гарэлі прагай вылучэння, а можа, і звязанай з ёй прагай актыўнай дзейнасці. Але сяляне другім планіпатэнтам вылучалі старога Лабуду, які, драпаючы сабе лысіну, прасіў, каб яго звольнілі ад гэтых клопатаў, а абцяжарылі імі лепей каго-небудзь з ягоных сыноў. Самы старэйшы Піліп засведчыў сам, што не адмовіцца, хоць і цяжка яму будзе пакідаць гаспадарку і ездзіць у горад, але не адмовіцца.

– Няхай будзе Піліп, - пагадзіліся сяляне.

– Ну, а трэці?
– спытаўся старшыня.

– Трэцім няхай ужо будзе Пётра Дзюрдзя...

Пётра выпрастаўся так, як тады, калі выбіралі яго старастам, і з раз'яснелым тварам падзякаваў за пашану. Сцяпан зноў ударыў яго кулаком у бок.

Скажы, Пятрук, каб мяне чацвёртым выбралі...

Пётра, заклапочана падносячы руку да валасоў, усё ж азваўся:

– Можа б, чацвёртым Сцяпанку выбраць.

– Не трэба чацвёртага, - закрычалі з усіх бакоў, - спадар старшыня сказаў, што трэба трое, больш не трэба...

– То, можа, на маё месца Сцяпана абярыце, - запрапанаваў Піліп Лабуда.
– І праўда, - дадаў, - мне цяжка будзе і не хочацца...

Не хочам Сцяпана!
– крыкнулі ўсе.
– Нашто ён нам? З іншымі планіпатэнтамі толькі сварыцца будзе... і хто першы, і пра ўсё...

– Яшчэ гадваката паб'е, - азваўся нехта са смехам.

Поделиться с друзьями: