Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы

Ожешко Элиза

Шрифт:

– Куды ты паехаў?
– гукнуў Пётра.

– Добра, татку, так трэба, - адказаў хлопец і весела засвістаў.

Насамрэч, калі б хто ў яго спытаўся, навошта ён павярнуў улева, калі ад Прыгоркаў да Сухой Даліны дарога цягнулася прамая, як струна, ён не змог бы адказаць. Быў упэўнены, што зусім не паварочваў, і пры нагодзе ўрачыста аб гэтым прысягнуў.

Тыя двое зусім не кіравалі сваімі коньмі. Абодва ляжалі на санях: Сцяпан панура маўчаў, нібы слухаючы пошум ветру, Сымон - усё гаварыў і лаяўся. Ехалі. Коні часам тапіліся ў снезе і вылазілі з яго з цяжкасцю, часам на гладзейшай прасторы беглі сабе трушком, часам жа пад палазамі адчуваліся загоны, якія агаліў вецер. Ехалі не дарогай, а полем і не звярталі на гэта ніякай увагі, пакуль зноў не замільгалі перад іхнімі вачыма ўзгоркі і лес Прыгорак.

– А што ж гэта!
– усклікнуў Клеменс.
– Зноў Прыгоркі?

– Аааа! Як ты едзеш?
– здзівіўся Пётра.

Вырваў лейцы з сынавых рук і, хочучы зрабіць цалкам супрацьлеглае таму, што рабіў той, павярнуў каня направа.

– Не туды!
– са сваіх саней закрычаў Сцяпан.

– Туды, не бойся, туды, - пракрычаў яму Пётра і ехаў зноў датуль, пакуль ягоны конь не загруз па калені ў нейкім рове.

– Аааа!
– здзівіўся селянін.
Такі зноў не туды паехалі!

Без вялікай цяжкасці, ноканнем і лейцамі падганяючы жвавага коніка, ён выбраўся з рову і павярнуў назад. Двое іншых саней павярнулі таксама, але так, што Сымон цяпер апынуўся наперадзе. Ехалі і ехалі, пакуль Сцяпан са сваіх саней не крыкнуў да Пётры:

– Зноў Прыгоркі!

– Цьфу! Згінь, прападзі, нячыстая сіла!
– сплюнуў Пётра і закрычаў да Сымона: - Павярні назад!

Нашто мне назад, калі так добра!
– адказаў новы павадыр.

– Можа, і добра! Ці ж я ведаю, - буркнуў Пётра.

Клеменс пачаў дрыжаць і стукаць зубамі.

– Татку, - азваўся, - мне здаецца, што зноў мяне тая хвароба бярэ!

Але гэта была не хвароба. Проста ў яго, непрызвычаенага яшчэ да алкаголю, пачала балець галава ад выпітага, а віхор працінаў кажух і дабіраўся холадам ажно да самых касцей. Пётра плюнуў зноў і пачаў шаптаць:

– Пане нябесны, валадару зямлі, злітуйся над намі грэшнымі!..

– Паварочвай!
– крычаў цяпер на Сымона Сцяпан.
– Паварочвай, Сымон! Не бачыш, што пад стаў прыехалі?

Ён распазнаў сярод снежнай завеі цені дрэў, што раслі над берагам става. Магутны голас яго прабіўся праз шум ветру і дайшоў да вушэй Пётры, які адразу ж павярнуў каня. За ім павярнулі і двое іншых.

Амаль гадзіна прайшла з таго часу, як, напаўпрытомныя, аслепленыя снежнай замеццю, яны кружыліся так па раўніне, не могучы трапіць на дарогу, якую шмат разоў у розных месцах пераязджалі ўпоперак.

Чорт туман у вочы пускае!
– азваўся Пётра.

– Але, - пацвердзіў Клеменс, які ўсё больш дрыжэў ад холаду.

Сцяпан прабурчаў сам сабе:

– Прыйдзецца чалавеку змерзнуць, як сабаку.

А потым дадаў:

– Калі б са мной так сталася, дык тая нягодная зусім бы ўжо Казюка замучыла...

І ўздыхнуў.

А Сымон на сваіх санях лямантаваў:

Ой, горкая, горкая доля мая і дзетак маіх!

Тут Клеменс крыху прыўзняўся на санях і ўшчэнт перапалоханым голасам крыкнуў:

– Зноў Прыгоркі!

Пётра прыўзняўся таксама і напружыў зрок.

– А як жа! Прыгоркі, - пацвердзіў.
Чорт водзіць, такі ўжо няйначай... Чорт узяўся сёння за нас, туман у вочы пускае і водзіць...

– Па адным месцы водзіць...
– заўважыў Клеменс.

– Але, па адным месцы. Чорт няйначай... злазь з саней...

Вылез з воза і паклікаў сына:

– Будзем дарогу шукаць...

Калі яны вылезлі, Сцяпанавы сані, наехаўшы, сутыкнуліся з іхнімі і палазамі зачапіліся за палазы.

Хадзем дарогу шукаць!..
– крыкнуў Пётра да Сцяпана і Сымона.

Усе ўчатырох, грузнучы ў снезе, ступілі некалькі крокаў. Раптам Клеменс закрычаў:

Бачыш, татку, бачыш?

Ён выцягнуў руку ў бок шэрага рухомага ценю, які акурат цяпер паказаўся з-за прыгоркаўскага лесу і досыць блізка павольна сунуўся ў снежнай каламуці.

– У імя Айца і Сына...
перажагнаўся Пётра, - згінь, прападзі, нячыстая сіла...

Сцяпан, як найсмялейшы, ступіў яшчэ некалькі крокаў наперад.

Чорт ці баба?
– прамовіў ён.

– Баба...
– пачаў Сымон, - шэльма баба, грошы не дала, ведзьма тая... я ў яе, як у маці прасіў... Ого! Пачакай!

І кінуўся наперад. Праз колькі секунд на ўсю моц сваіх п'яных ног вяртаўся да ўнураных у снег саней. Нагнуўся над сваімі санямі і, сапучы і лаючыся, пачаў выцягваць з іх адну з папярэчын, што, прыкрытыя саломай, былі за сядзенне.

– Яна самая, - бубніў ён, - ведзьма тая... чортава прыяцелька... каваліха праклятая... грошы не дала, а па начы людзей на замярзанне водзіць...

– Яна! Зноў яна!
– крыкнуў Пётра і таксама пачаў выцягваць з саней кол.
– Няхай чартоўская сіла прападзе перад Божай сілай... Няхай Божая сіла пераможа чартоўскую сілу... Паганая душа яе... сынка мне загубіць хацела, а цяпер зноў замарозіць на полі, не дачакацца ёй...

– Чаго яна да нашай сям'і прычапілася і даймае нас...
– крыкнуў Клеменс.
– Ці то ўжо мая маладая галава прападаць праз яе павінна?..

Сцяпан не сказаў нічога, але таксама кол з воза выцягнуў...

У белай цемры твараў іх не было відаць, але з гучнага сапення, з панурага бурчання і п'яных выкрыкаў біў усё моцнейшы вулкан лютых жарсцяў: трывогі і прагі помсты. Прайшла хвіліна, і ў снежнай імгле за некалькі крокаў ад пастаўленых саней зацямнела шаматлівая купка людзей, пачуліся страшныя крыкі і енкі, якія, аднак, заглушаў сваім шумам віхор і разам са сваім посвістам панёс на шырокія палі, дзе гула завіруха...

Праз колькі хвілін вялікая хваля ветру, рассунуўшы на момант снежную імглу, адкрыла прамую, як струна, дарогу, што імкнула ў прастор, а на той дарозе - трое саней, на якіх сядзелі чатыры мужчыны. Знішчылі чартоўскую сілу і знайшлі дарогу. Сцебанулі коней, працяжнымі галасамі занокалі на іх і панесліся гладкай дарогай і хутка зніклі ў густой снежнай замеці. А на белай зямлі нерухомай плямай цямнела Пятруся, жонка каваля Міхала. Каламі паламалі ёй грудзі і рэбры, залілі малады твар крывёй і пакінулі на пустым полі, на шырокім полі, беламу снегу на падсцілку, чорным груганам і варонам на спажыву.

Поделиться с друзьями: