Выбраныя творы
Шрифт:
– Я цяпер ні за якія скарбы не паеду адсюль! Памру, а не паеду! Як сабака, буду ляжаць на беразе, пакуль не здохну ад голаду, а нікуды не паеду. Хай сабе яны хоць у самае пекла едуць, толькі без мяне! Для мяне тут упершыню адкрылася неба, адкрылася шчасце, якое я ніколі не сніла, і я не паеду адсюль, не паеду... Не расстануся з табой, голуб мой, дружа мой мілы, бацька мой родны! Гані мяне, бі, зусім забі, а я не паеду адсюль, не паеду з імі!..
Прыпаўшы галавой да грудзей Паўла, яна цалавала яго рукі, абліваючыся слязьмі. Павел слухаў яе спачатку моўчкі, апусціўшы галаву. Відаць, і яго навіна гэта моцна засмуціла. А пасля, у адказ на яе воклічы і плач, паціху сказаў:
– І праўда, што бяда! Я і сам не чакаў гэтай бяды і ніколі пра яе не думаў.
І раптам горача, як ніколі дагэтуль, загаварыў на сваёй роднай мове:
– Не хачу! Не пушчу! Далібог, не пушчу! Зноў на нядолю і здзек пойдзеш! Не пушчу! Не аддамо ні цела твайго, ні душы на пагібель.
Пачуўшы гэта, Франка радасна ўскрыкнула, абхапіла яго за шыю і ўсім сваім кволым, гнуткім целам абвіла яго дужую постаць. А ён падняў яе на рукі і, смеючыся нейкім бесклапотным, шчаслівым смехам, пачаў гушкаць яе, як дзіця, і цалаваць. Але неўзабаве схамянуўся і, злегку адпіхнуўшы яе ад сябе, паціху прамовіў:
– Дык, можа, пажэнімся, га? Буду любіць цябе да самай смерці і ніколі не пакрыўджу. Будзе ў цябе ўласная хата, кавалак хлеба, і зажывём сумленна. Ну як, Франка?
Казаў гэта з трывогай. Можа, баяўся, што Франка адмовіцца, а можа, слоў уласных спалохаўся?
Франка ўзняла вочы на высокі крыж, які вызначаўся на фоне змроку, і, абняўшы Паўла, пад таямнічы шолах бору парывіста, горача прамовіла:
– Хай дапаможа мне бог, каб я і пасля смерці аблічча тваё бачыла, каб д'ябал душу маю не спакушаў, каб я да самай смерці любіла і шанавала цябе, голуб мой мілы, залаты, брыльянтавы!
Пачуўшы гэта, Павел адразу супакоіўся. Ён верыў у шчырасць яе слоў, як верыў моцна ў тое, што ніхто на свеце не можа прысягаць фальшыва. Зрэшты, Франка прысягала шчыра, і гэта адчувалася ў яе голасе, ва ўсім яе выглядзе. І Павел падумаў, што цяпер ён заручаны з гэтай кабетай і не пакіне яе ніколі ні на адну хвіліну.
– Толькі ж як яно будзе? Дзе ты будзеш жыць да нашага шлюбу?
– заклапочана спытаў ён.
– Як гэта дзе?
– усклікнула Франка.
– Пабягу зараз да гаспадароў, развітаюся з імі, збяру свае рэчы і праз хвіліну прыбягу сюды.
– Прыбяжыш, але куды пасля падзенешся?
– Да цябе пайду! У тваю хату!
Павел усміхнуўся:
– Дзіця ты горкае, дый годзе! Нічога ты не разумееш! Нібы ў лесе нарадзілася і ніколі сярод людзей не жыла, як жа ты ў маёй хаце будзеш жыць, калі мы перад людзьмі яшчэ не муж і жонка?.. Ды табе ў вёсцы ніколі не даруюць гэтага, бо так рабіць нельга.
Падумаўшы хвіліну, Павел сказаў, што, калі гаспадары Франкі паедуць, ён адвядзе яе да сястры, дзе яна два-тры тыдні пажыве, пакуль яны не возьмуць шлюб. Аб тым, што ў Паўла ёсць замужняя сястра, Франка ведала. І яна пачала прасіць яго, каб ён адвёў яе да сястры ўжо сёння. Заўтра яна сходзіць па свае рэчы, а сёння будзе начаваць у вёсцы, бліжэй да яго. Аднак Павел запярэчыў. Ён сказаў, што гаспадарам цяпер, перад ад'ездам, яна асабліва патрэбна... Яшчэ хлапцом ён некалькі гадоў разам з бацькам-ткачом жыў у панскім двары, а таму звычаі іх ведае добра. Ён ведае, што, калі паны выбіраюцца ў дарогу, бывае шмат мітусні, і Франка павінна да канца выконваць свае абавязкі, а пасля разлічыцца з імі. Калі яны даведаюцца, што яна выходзіць замуж, дык адпусцяць яе.
– Ну, ідзі ўжо, ідзі! Усё там як трэба зрабі, а ў чацвер я прыеду па цябе.
Хоць ёй і не па душы была прапанова Паўла, але яна вымушана была паслухацца яго. Толькі аб адным папрасіла, каб Павел заўтра абавязкова прыехаў да яе на спатканне.
– Я не перажыву гэтыя тры дні без цябе, - сказала яна.
Павел не здзівіўся. Ён і сам хацеў як найхутчэй убачыцца з ёю.
Назаўтра, пад вечар, ён прыплыў на месца і паставіў човен ля самага берага. Франкі на беразе яшчэ не было, але неўзабаве яна прыбегла, чырвоная ад абурэння і гневу:
– Каб ёй дабра на свеце не было! Каб яе д'яблы ўзялі! Франка праклінала сваю гаспадыню за тое, што тая, складаючы ў дарогу рэчы, увесь дзень ганяла яе, як каня, як вала ў ярме, ні на хвіліну не адпускаючы ад сябе. Вось і цяпер яна загадала складаць у скрыню кнігі пана, але Франка ведала, што Павел напэўна ўжо чакае яе, усё кінула і пабегла.
Паўлу, як заўсёды, непрыемна было слухаць скаргі Франкі і яе праклёны, але сёння ён не ўшчуваў яе, толькі махнуў рукой і сказаў:
– Ну, гэта ўжо апошняя твая служба, больш ужо нікому не будзеш служыць, і злосць у табе сціхне. Вядома, калі вецер дзьме, вада падымаецца і шуміць, а калі сціхне, дык і яна ападае і супакойваецца. Уціхамірышся і ты, калі зажывём у сваёй хаце, на адным месцы... А ты сказала гаспадарам, што выходзіш замуж?
– Сказала і чула, як пані пасля смяялася і казала пану, што Франка робіць мезальянс.
– А што гэта значыць?
Франка вытлумачыла Паўлу, што паны заўсёды так гавораць, калі чалавек вышэйшага паходжання жэніцца з простай дзяўчынай і наадварот. Пані сказала: «Франка - дурніца, што ідзе за мужыка. Яна дзяўчына далікатная і прызвычаеная да горада і яго выгод». А пан узняў свой нос ад кніжкі і сказаў: «Шкада яе, яна дзяўчына прыгожая!»
Яна расказвала ўсё гэта, самазадаволена смяялася і гарэзліва пазірала на Паўла, а пасля раптам спахмурнела і дадала:
– Я таксама аб гэтым падумала. Мужыкоў я ніколі не ведала і з імі не жыла. Мае сваякі як даведаюцца, дык зусім адмовяцца ад мяне. Каб маці ведала, які я сабе лёс абрала, перавярнулася б у труне!
Павел здзіўлена, не вельмі разумеючы, слухаў яе, а потым махнуў рукой і засмяяўся:
– Глупства! Паны гавораць глупства, а ты паўтараеш. Ну чым гэта ты вышэйшая, а я ніжэйшы? З мужыкамі, кажаш, не жыла, а з кім жыла? З нягоднікамі! Няўжо з нягоднікамі жыць лепш, чым з мужыкамі? Дурніца ты! Пачнеш жыць іншым жыццём, дык і думкі іншыя ў цябе будуць. Вось паглядзіш!
Ён пачаў гаварыць, што з сястрой і шваграм ужо дамовіўся, і яны ахвотна на гэты час возьмуць яе да сябе; што яму прыйдзецца паехаць у горад за патрэбнымі паперамі, без якіх ксёндз не дасць ім шлюбу; што сёння ён не рыбачыў, бо цэлы дзень мыў і бяліў сваю хату. Слухаючы яго, Франка павесялела, а калі ён сабраўся адплываць, яна, як і ўчора, моцна абняла яго. Яна дзякавала, што ён бярэ яе за жонку, назвала яго прыгожым, мілым, залатым, брыльянтавым. І Павел паехаў дадому памаладзелы і шчаслівы, хоць, як заўсёды, быў спакойны і паважны.
Сястра і швагер адразу заўважылі, як памаладзеў і павесялеў Павел, калі напярэдадні ўвечары ён увайшоў у іх хату. У хаце гэтай не было вялікага дастатку, але і беднасці таксама не было. У ёй панаваў парадак. Стаяла яна ў самым канцы вёскі, толькі пясчанай дарогай ад сасонніка і могілак адасобленая, а двор яе прымыкаў да сядзібы Паўла. Магчыма, таму, што яны жылі па суседству, прыгожы і высокі Піліп Казлюк пасватаў сястру Паўла, калі ёй было ўсяго шаснаццаць гадоў.
Зямлі ў Піліпа і яго меншага брата пасля смерці бацькі было мала, і ён зарабляў тым, што перавозіў людзей праз Нёман на сваім уласным пароме. Паром гэты, яшчэ перад тым як ажаніцца, ён зрабіў сам з добрых дошак, прымацаваных да дзвюх вялікіх лодак. Размясціцца на ім маглі чатыры коні з вазамі, але Піліп быў такі дужы, што ўдвух з шаснаццацігадовым братам лёгка перапраўляў паром пры дапамозе доўгага шаста. Даўней тут парома не было, і цяпер ім карысталася шмат людзей. Ідэя гэта сведчыла аб прадпрымальнасці і разважлівасці маладога Казлюка, і таму, нягледзячы на малую колькасць зямлі, у хаце яго не было беднасці. У абсталяванні яе адчувалася нават імкненне гаспадароў да ўтульнасці і прыгажосці. На чыста пабеленых сценах віселі яскравыя абразы святых і чорны крыж у вянку сухацвету. На стале стаяла лямпа. Не было тут смецця пад парогам, не трымалі пад лавай парася. На тапчанах, што замянялі ложкі, ляжалі падушкі, набітыя не сенам, а пухам. У куце на чырвонай шафцы стаяў да бляску начышчаны самавар. Толькі пад печчу, як і ва ўсіх хатах, начавалі куры, а ля дзвярэй на лаве стаялі ведры з вадой. Апрача тапчанаў, у хаце стаялі лаўкі і сталы.